Актывістаў стала модна падазраваць ва ўгонах
Сёння ў Віцебску супрацоўнікі міліцыі тройчы спынялі машыну Сяргея Парсюкевіча, актывіста стваранага руху "За Свабоду!".
Ў якасці пасажыра там знаходзіўся кіраўнік віцебскай філіі РГА "Перспектыва" Анатоль Шапавалаў. Супрацоўнікі ДАІ затрымалі й машыну Хрыстафора Жаляпава, каардынатара руху "За Свабоду!" па Віцебскай вобласьці. Спадары Шапавалаў і Жаляпаў збіраліся сустрэцца з прадпрымальнікамі, якім мясцовыя ўлады забаранілі праводзіць мітынг супраць прымусовай рэарганізацыі іхняй дзейнасці адпаведна прэзідэнцкім указам № 760 ды 302.
Як паведамляе Радыё Свабода, міліцыянты патлумачылі, што падобныя машыны знаходзяцца ў вышуку. Больш як на гадзіну яны затрымалі кіроўцаў, высвятляючы падрабязнасці па тэлефоне ды звяраючы нумары па кампутарнай базе.
Тым часам спадар Шапавалаў пайшоў на сустрэчу з прадпрымальнікамі пехам. У парку імя 30-годдзя ВЛКСМ, сабралося некалькі дзесяткаў чалавек. Анатоль Шапавалаў паведаміў ім, што мітынг забаронены, ды прапанаваў разысціся.
Як толькі прадпрымальнікі разышліся, усе падазрэньні з актывістаў былі зьнятыя. Адразу высьветлілася, што машыны маюць законных уладароў, у якіх супрацоўнікі ДАІ тут жа папрасілі прабачэньня, паведамляе Радыё Свабода.