Жалобная імпрэза скончылася затрыманнямі
Сёння з раніцы група віцебскіх актывістаў з ініцыятывы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ выехала ў вёску Паляі, каю ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Ля вёскі Паляі Віцебскага раёну у 1930-1950 гады НКУС праводзіў масавыя расстрэлы.
Удзельнікі імпрэзы ўсталявалі на месцы расстрэлаў мемарыяльны крыж, а потым пад бел-чырвона-белымі сцягамі праспявалі гімн "Магутны Божа".
За імпрэзай пільна сачылі міліцыянты, а пасля яе заканчэння ўсіх удзельнікаў прымусілі паехаць у Віцебскі РАУС на тым жа аўтобусе, на якім яны прыехалі ў Паляі. За спробу ўшанаваць памяць продкаў было затрымана 25 чалавек, у тым ліку трое журналістаў недзяржаўных СМІ. Міліцыянты кваліфікавалі імпрэзу як "несанкцыянаваны мітынг". Падставай да гэтага яны палічылі тое, што некаторыя прысутныя трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Прыкметай "мітынгу" міліцыянтам падалося і тое, што некалькі актывістаў звярнуліся да сабраўшыхся з невялічкімі прамовамі.
Пасля затрымання патрыярх віцебскай апазіцыі Барыс Хамайда узяў адказнасць за арганізацыю ўшанавання на сябе і прапанаваў міліцыянтам адпусціць астатніх. Тыя не згадзіліся. На ўсіх затрыманых былі складзены адміністрацыйныя пратаколы. Потым Ян Таўпыга, Барыс Хамайда, Зьміцер Якаўлеў, Сяргей Белазека і Сяргей Каваленка былі адвезены ў суд. Астатніх адпусцілі.
Крыніцы: Радыё Свабода, Еўрапейскае радыё для Беларусі.