Скралі крыж, усталяваны ў гонар змагароў за свабоду
24 кастрычніка ля вёскі Фралова Гарадоцкага раёну быў усталяваны Крыж памяці ў гонар жыхароў Гарадоччыны, што загінулі падчас паўстання 1918 года. Праз колькі дзён крыж асвяцілі. А ўчора, 31 кастрычніка, ён знік.
Хто і навошта скраў амаль трохметровы крыж з шыльдай, на якой напісаны словы "Змагарам за СВАБОДУ, загінуўшым у лістападзе 1918 г.", невядома. Калі ж актывіст руху "За Свабоду", сябра партыі БНФ Леанід Аўтухоў звярнуўся ў міліцыю, там адмовіліся шукаць крыж. Паводле спадара Аўтухова, міліцыянты патрабуюць квіткі аб тым, дзе былі куплены матэр'ялы для крыжа і каму было заплочана за яго вырабленне. Пытанне аб тым, ці будзе распачата крымінальная справа па гэтым дзікунскім злачынстве, пакуль не вырашана.