У царкву на радзіме Льва Сапегі вярнулася старое Евангелле

У царкве Святой Тройцы, што знаходзіцца ў Астроўне – на радзіме славутага канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі – нядаўна адбылася знакавая падзея. Сюды вярнулася Евангелле, выдадзенае больш за стагоддзе таму, у 1896 годзе. Гэтым Евангеллем карысталіся падчас богаслужэнняў у храме, пакуль у 60-я гады мінулага стагоддзя ён не быў закрыты.

У свой час Святое пісанне выратавала мясцовая жыхарка Аляксандра Трафімаўна Пятрова. Калі закрытую ўладамі царкву пачалі рабаваць, яна забрала да сябе старую кнігу. Малілася па ім і верыла, што прыйдзе час, калі Евангелле вернецца ў храм. Затым здарылася так, што кніга трапіла да яе сваячкі Любові Сяргееўны Важгуравай, якая зараз жыве ў Віцебску.

“Пасля смерці маёй цёці мой бацька прынёс Евангелле да нас. Наш старэйшы сын Дзмітрый звярнуўся да спецыялістаў, якія яго адрэстаўравалі. Некаторыя, хто бачыў гэтую кнігу ў нашым доме, раілі яе прадаць, бо кніга старажытная і каштоўная. Але нешта стрымлівала. А калі пачалі аднаўляць астровенскі храм, мы сабраліся ўсёй сям’ёй, параіліся і вырашылі Евангелле вярнуць. А як жа інакш?”, – распавяла Любоў Важгурава.

Царква Святой Тройцы ў Астроўне – культавы будынак ХVI стагоддзя. Гэта адзін з нямногіх храмаў на Віцебшчыне, які не быў зруйнаваны ў савецкія часы. Напрацягу апошняга года тут вядуцца аднаўленчыя працы.

Паводле артыкула Змітра Казакевіча ў абласной газеце “Народнае слова”.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ