“Пленэры Алега Скавародкі”
Алег Скавародка, старшыня віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, зараз прадстаўляе ў адным з залаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея выніковую выставу пленэраў – амаль усіх, у якіх яму давялося ўдзельнічаць за некалькі дзесяткаў гадоў.
Выстава “Пленэры Алега Скавародкі” ў некаторым родзе рэтраспектыўная. Яна адлюстроўвае вандраванні мастака па незвычайных, памятных мясцінах – гэта Кольскі паўвостраў, возера Байкал, старадаўні Ноўгарад. Каля пяці дзесяткаў эцюдаў захавалі непаўторныя моманты стану прыроды, жывыя гістарычныя вобразы, напісаныя з натуры. Гэтае непасрэднае, жывое дакрананне да натуры надае эцюдам А. Скавародкі шчырасць, свежае дыханне і непаўторнасць.
Самы першы свой пленэр – “Па Кольскім паўвостраве” ў 1977 годзе - Алег Аляксандравіч успамінае як самы сур’ёзны: “Тады са мной былі мае сябры – Ф. Гумэн, У. Шапо, М. Образаў. Мы абыйшлі ўвесь паўвостраў вакол – ад Мурманска да Кандалакшы...” На пленэры ў Разані (2005 г.) мастакі працавалі цэлы месяц, і на палотнах засталіся родныя мясціны С. Ясеніна. “Калі шмат падарожнічаеш (а вандраваць з рукзакамі, эцюднікамі - справа нялёгкая), то яшчэ даражэй становіцца тая зямля, дзе ты жывеш. Наш край мае ціхі, таямнічы, прыгожы. добры твар...– гаворыць мастак. -–Усё, што я вынес з гэтых паездак, я прадставіў на гэтай выставе”.
У экспазіцыю ўвайшлі таксама работы з Міжнароднага пленэру жывапісу ва Франкфурце-на-Одэры (2003 г.), Міжнароднага пленэру, прысвечанага 500-годдзю Ф. Скарыны (1990 г.), пленэру “7 белых начэй” у Волагдзе (2007 г.), пленэраў, прысвечаных В. Быкаву, В. Караткевічу, Р. Барадуліну, І. Хруцкаму.
Алег Аляксандравіч нарадзіўся на Лепельшчыне Віцебскай вобласці ў 1948 годзе, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, прымаў удзел у выставах беларускіх мастакоў у Англіі, Францыі, Эстоніі, Ноўгарадзе, Смаленску. Работы віцебскага мастака знаходзяцца ва ўласнасці Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея сучаснага мастацтва (Мінск), Мастацкіх музеяў Смаленска, Магілёва, Гродна, Віцебска, Полацка.
Наступны год для Алега Скавародкі – юбілейны, і знаёмства з яго “Пленэрамі” – гэта пачатак шэрагу выстаў, прымеркаваных да юбілею мастака.