Народные новости Витебска

Беларусы перамаглі сан-марынцаў з буйным лікам – 6:0

Сённяшні матч адборачнага турніру Чэмпіянату Еўропы (U-21) паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Сан-Марына па футболе завершыўся прадказальнай перамогай нашых суайчыннікаў. З лікам 6:0 – як і рабілі стаўкі многія футбольныя заўзятары. Прыемна, што тры галы забілі прадстаўнікі Віцебшчыны – паўабаронца наваполацкага “Нафтану” Дзмітрый Камароўскі і абаронца гэтага ж клуба Дзмітрый Верхаўцоў (два і адзін галы суадносна). Нагадаем, што гэты адказны міжнародны матч праходзіў на арэне Віцебскага Цэнтральнага спартыўнага комплексу.

Адкрыў лік матча на 14-й хвіліне Д. Камароўскі. А ўжо праз пяць хвілін у вароты сан-марынцаў трапіў другі гол у выкананні капітана нашай “маладзёжкі” Міхаіла Афанас’ева. На 42-й хвіліне трыбуны ЦСК апладзіравалі голу Леаніда Ковеля. І на апошняй хвіліне першага тайма зноў вызначыўся Камароўскі.

У другім тайме беларусы, атрымаўшы асалоду ад папярэдніх поспехаў, пачалі берагчы сілы. І дабавілі толькі два галы напрыканцы матча. Прыгожую лічбу 5:0 на табло “зрабіў” Аляксей Кучук, а канчатковы гол забіў навапалачанін Дзмітрый Верхаўцоў. Было бачна, што каманда Сан-Марына значна слабейшая за нашу, таму перамога беларусам дасталася малой крывёй. А вось у аўторак, 20 лістапада, ім давядзецца цяжэй. У гэты дзень беларуская “маладзёжка” сустрэнецца з досыць моцным супернікам – зборнай Сербіі, ад якой нашы хлопцы ўжо мелі паразу. Матч таксама пройдзе ў Віцебску.

Што тычыцца неспартыўных момантаў сённяшняй сустрэчы, то падалося, што беларускія хлопцы больш сур’ёзнейшыя і выхаваныя, чым іхнія аднагодкі-супернікі з маленькай паўднёвай краіны, што знаходзіцца на тэрыторыі Італіі. Пад свой гімн некаторыя футбалісты Сан-Марына жавалі жуйку, нервова аблізвалі вусны, а каторыя проста калаціліся ад холаду. А нашы мальцы не проста слухалі, а спявалі гімн, паклаўшы далоні на сэрца.

І яшчэ. Цікава, гэта карлікавая краіна Сан-Марына жыве па сваім уласным календары. Дык вось, аказваецца, на ім зараз – толькі XVII стагоддзе...