Народные новости Витебска

У Віцебску выйдзе кніга аб ахвярах камуністычнага рэжыму

Напрыканцы лістапада ў Віцебску ў свет выйдзе кніга "Закатаваная памяць". Гэтая 40-старонкавы збор матэр'ялаў аб трагічным лёсе жыхароў Віцебшчыны, што сталі ахвярамі савецкага рэжыму. "Закатаваная памяць" - першая кніга з адпаведнай серыі. "Народныя навіны" прапануюць вашай увазе урыўкі з кнігі.

Лагер у манастыры

Віцебскі канцэнтрацыйны лагер прымусовай працы быў створаны Віцебскім НК 10 верасня 1919 года. Для гэтага быў выкарыстаны былы Маркаў манастыр. Першыя вязні прыбылі ў лагер 10 верасня—іх было чацвёра. А ў студзені 1920 году 35 чырвонаармейцаў ахоўвалі ўжо 521. Сюды траплялі за бесквітковы праезд на транспарце, самагонаварэнне, распіццё самагону, спекуляцыю, дызерцірства, прастытуцыю, кантррэвалюцыйную прапаганду, шпіянаж, варожыя адносіны да Савецкай улады. Арыштоўвалі і проста падазроных асобаў. Тэрміны адбывання пакарання вызначаліся ў залежнасці ад злачынства: ад некалькіх месяцаў да “ даты окончания гражданской войны, если таковая наступит”. Кожны павінен быў аплочваць утрыманне. Пры лагеры працавалі сталярная майстэрня, кавальня, слясарна-збройная майстэрня. Вязні капалі акопы, умацоўвалі горад, працавалі на агародах, малацілі хлеб у камунах, прыбіралі плошчы, грузілі шпалы. Працоўны дзень пачынаўся а сёмай гадзіне. На сняданак пілі гарбату. Абед а чатырнаццатай гадзіне. На вячэру зноў гарбата—а 19-й. Адбой у 21 гадзіну. Пайкі былі мізэрныя. Дзеля перавыхавання ў духу пралетарскай прапаганды ў лагеры былі нават бібліятэка, чытальня, школка, працаваў клюб імя Зіноўева. Ставіліся п”есы. Падчас паказу запрашалася віцебская партыйная эліта…

ТРАГІЧНАЯ НОЧ

У ноч на 18 красавіка 1952 года ці не ўвесь Шаркаўшчынскі раён быў падняты на ногі. А раніцай жыхары райцэнтра ўбачылі на станцыі аграмністы эшалон з “цялятнікаў, з якіх раздаваліся плач, енкі, стогны. Праз маленькія акенцы высоўваліся рукі: людзі прасілі хлеба, вады і іншага харчу. Большасць жыхароў баялася блізка падыходзіць, бо састаў быў ачэплены энкавэдыстамі. Толькі блізкія родзічы, пераадольваючы страх, прыносілі на хлеб і бялізну, што неабходна ў доўгай дарозе і што не паспелі ці не змаглі ўзяць перапужаныя хапуном сярод ночы жанчыны, дзеці ды нямоглыя старыя—рэшткі сямей так званых кулакоў. Мужчыны ўжо да гэтага ў 1949—1950 гадах былі арыштаваныя і сасланыя ў ГУЛАГ за нявыплату 10-кратных падаткаў. Цягнік прастаяў цэлы дзень, бо падводзілі тых, каго ўначы не аказалася дома…

Кнігу падрыхтавалі актывісты руху "За Свабоду" ды сябры аргкамітэту БХД. Як распавяла рэдактар серыі Таццяна Севярынец, наступныя кнігі плануецца зрабіць больш грунтоўнымі. Дарэчы, рэдакцыя серыі звяртаецца з просьбай да ўсіх, хто мае інфармацыю аб рэпрэсіраваных, дасылаць свае ўспаміны, ўспаміны бацькоў, сваякоў, сяброў. Яны стануць асновай для наступнай кнігі з серыі "Закатаваная памяць". Дасылаць інфармацыю можна на адрэсу tseverinec@mail.ru.