У Віцебску збіраюць віншаванні Аляксандру Казуліну
25 лістапада дзень народзінаў адзначае Аляксандар Казулін, былы кандыдат у прэзідэнты, вядомы палітык, палітвязень, адбываючы пакаранне ў калоніі "Віцьба-3", што пад Віцебскам. Ініцыятыўная група віцяблян праводзіць акцыю па збору віншаванняў для Аляксандра Казуліна.
Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на аднаго з ініцыятараў акцыі праваабаронцу Леаніда Свеціка, гэта пазапартыйная акцыя. Колькі віншавальных словаў да палітвязня можа напісаць кожны ахвотны жыхар Віцебску. У прыватнасці, зрабіць гэта можна, звярнуўшыся да найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайды, які штодня распаўсюджвае недзяржаўную прэсу ля так званага "сіняга дома" ў Віцебску (дом №28 па вуліцы Леніна). Як паведамляе Радыё Свабода, збіраць віншаванні плануецца да 22 лістапада. Потым віншавальныя паштоўкі арганізатары акцыі паспрабуюць перадаць Казуліну ў калонію, а калі ў гэтым ім адмовяць, то сабраныя віншаванні будуць дасланыя па пошце.