Матч Беларусь – Сербія скончыўся нічыёй – 1:1
Учорашні матч адборачнага турніра чэмпіянату Еўропы-2009 па футболу паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Сербіі на арэне Віцебскага ЦСК скончыўся крыўднай для нашых футбалістаў і ўсіх беларускіх заўзятараў нічыёй – 1:1. Здаецца, шчасце было так блізка… Перамога ў гэтым матчы датэрмінова гарантавала б беларусам першае месца ў сваёй адборачнай групе і пуцёўку ў плэй-оф Еўра-2009. Аднак нічыя з сербамі адклала гэту магчымасць амаль на год.
У першай палове сустрэчы супернікі гулялі не вельмі рашуча, і каля варотаў абедзвюх каманд было не так шмат небяспечных момантаў. Настрой беларусаў кардынальна змяніўся пасля перапынку. Выхаванцы Юрыя Курненіна ў другім тайме так рванулі наперад, што шэрагі сербаў здрыгануліся. І ўжо праз тры хвіліны лік, нарэшце, адкрыў паўабаронца барысаўскага БАТЭ Сяргей Крывец – трапным ударам галавой. Чаго гэта каштавала Сяргею, ведае толькі ён. Але, як паведамляе “Прессбол”, аўтар гэтага адзінага ў сустрэчы з сербамі і такога адметнага гола адразу ж пасля матча быў запрошаны ў нацыянальную зборную Беларусі.
Аднак госці не разгубіліся і неўзабаве, прыкладна праз 10 хвілін, усталявалі раўнавагу. Нос нашым мальцам уцёр паўабаронца сербаў Зоран Тошыч. Нездарма ж у яго такое гучнае, зорнае імя! І як не стараліся беларускія футбалісты, як ні падрымлівалі іх трыбуны, як ні падскоквалі дома на канапах аматары, патрабуючы “Гол!”, наша “маладзёжка” так і не здолела ўпрыгожыць сябе лаўрамі пераможцаў.
Турнірнае становішча зараз выглядае наступным чынам. Зборная Беларусі, якая набрала 16 ачкоў у 7 праведзеных гульнях, па-ранейшаму лідыруе ў 8-й групе чэмпіянату Еўропы, які, нагадаем, пройдзе ў Швецыі ўлетку 2009 года. А ў наступным годзе наша “маладзёжка” правядзе яшчэ адну гульню з латышамі. На жаль, на гэты раз ужо не дома, а ў гасцях. Сустрэча пройдзе амаль праз год, 10 верасня.
Грозныя сербы з 11 ачкамі, набранымі ў шасці матчах, – на другім месцы. Наперадзе ў іх яшчэ дзве гульні: з аўтсайдэрам, зборнай Сан-Марына, якая адбудзецца ў гасцях 26 сакавіка 2008 года, а пасля, 6 верасня, дома з Венгрыяй.
На трэцім месцы турнірнай табліцы знаходзяцца венгры (9 ачкоў у 6 матчах) , затым ідуць латышы (7 ачкоў у 6 матчах).