У Віцебску прайшла паэтычная вечарына ў гонар Уладзіміра Караткевіча

У Віцебску сёння ўвечары прайшла паэтычная вечарына, прысвечаная 77-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, слыннай Асобы Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя Уладзіміра Караткевіча.

Ушанаваць памяць вядомага пісьменніка, паэта, драматурга, перакладчыка прыйшлі каля 40 чалавек – прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, грамадскія і партыйныя актывісты. Сярод прысутных было шмат моладзі: бо менавіта на творах Караткевіча многія сучасныя хлопцы і дзяўчаты вучыліся і вучацца любіць сваю Беларусь, ганарыцца яе слыннай гісторыяй.

Удзельнікі культурнай акцыі ўсклалі кветкі да помніка У.Караткевічу і, пры запаленых свечках, чыталі свае ўлюбёныя творы з багатай творчай спадчыны класіка. І, здавалася, што мудры і вечна жывы Караткевіч светла і прыязна глядзіць на ўсіх. І хоць ён і Постаць у айчыннай літаратуры, але такі блізкі і родны, свой...

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў прачытаў вядомы верш “Быў. Ёсць. Буду” і ўзгадаў некаторыя звесткі з біяграфіі літаратара. Колькі цёплых словаў пра Караткевіча, яго грамадзянскую пазіцыю і ролю ў беларускай літаратуры сказалі пісьменнік і публіцыст, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення «Саюза беларускіх пісьменнікаў» Франц Сіўко і педагог Таццяна Севярынец. Некалькі маладзёнаў усхвалявана прачыталі караткевічаўскія вершы.

Культурная імпрэза прайшла па ініцыятыве гарадской арганізацыі партыі БНФ і грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне”, а таксама віцебскіх партый кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ