Хакейная дружына Віцебшчыны прайграла камандзе Міншчыны – 6:11

Родныя сцены не дапамаглі хакейнай дружыне Віцебшчыны, якая 1 снежня прымала на сваёй пляцоўцы – у віцебскім Палацы спорту – каманду Мінскай вобласці. Гэты матч у межах першых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакею сярод аматарскіх каманд на прызы “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба” скончыўся для каманды Прыдзвіння істотнай паразай – 6:11. Матч адкрыў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Сяргей Марчанка. Ён пажадаў удзельнікам спаборніцтва “красивого, честного, открытого хоккея”, а гледачам – “прекрасного зрелища”. На жаль, не атрымалася ні першага, ні другога.

Супернікі дапускалі шматлікія парушэнні. Асабліва вялікімі майстрамі падножак паказалі сябе госці. Дый гаспадары ў гэтым “мастацтве” не саступалі. Апошні перыяд матчу складаўся практычна з адных штрафных у вароты абедзвюх каманд.

Уваход быў вольны, і амаль усе месцы на трыбунах былі занятыя. Але заўзятараў у сталым узросце прыйшло мала. Пераважную большасць гледачоў складалі школьнікі, якіх сюды цэлымі класамі прывялі “за ручку” настаўніцы. Адна з іх, мая знаёмая, якая вельмі хвалявалася, каб толькі з дзецьмі чаго не здарылася, прызналася: “Вучнямі ж усе “дзіркі” на ўсіх мерапрыемствах вечна затыкаюць”.

Хлопцы яшчэ так-сяк сачылі за падзеямі на пляцоўцы, а дзяўчаткам хакей быў відавочна абыякавы. Зрэшты, хутка цікавасць да гульні, у якой з самага пачатку не было інтрыгі, страцілі і прадстаўнікі моцнай паловы. Калі ў першым перыядзе яны яшчэ падтрымлівалі землякоў, пару разоў пракрычаўшы “Ві-цебск”, то ў трэцім сядзелі моўчкі. Асобныя “крытыкі” разбіралі тэхнічныя памылкі віцебскіх хакеістаў і лаяліся. Хто культурна, а хто матам.

Каманда Міншчыны да сустрэчы з нашымі землякамі ўжо мела ў сваім актыве адну перамогу. Аматарская зборная Віцебшчыны прайграла ўжо двойчы: 10 лістапада камандзе Гродненшчыны (з лікам 2:3) і вось цяпер мінчанам.

8 снежня дружына Віцебскай вобласці сустрэнецца ў мінскім Палацы спорту з яшчэ мацнейшым супернікам – камандай прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якая з’яўляецца лідэрам гэтых спаборніцтваў.

Як паведамлялася раней, першыя рэспубліканскія спаборніцтвы сярод аматарскіх каманд на прызы “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба” пачаліся 3 лістапада і скончацца ў красавіку 2008 года. Прызы аспрэчваюць 7 каманд – аматарскія зборныя абласцей краіны і каманда прэзідэнта.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ