“Нафтан” атрымаў прыз “За волю да перамогі” вы выніках футбольнага сезону-2007
Наваполацкі “Нафтан” атрымаў прыз “За волю да перамогі” вы выніках футбольнага сезону-2007. Гэта было аб’яўлена на выніковым пасяджэнні выканкама асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, якое прайшло ў мінулую суботу. Нагадаем, што навапалачане займаюць 7-е месца ў турнірнай табліцы 17-га чэмпіянату Беларусі па футболе. Футбольны клуб “Віцебск”, які знаходзіцца на радок ніжэй, у гэтым рэйтынгу, на жаль, нічым не вызначыўся. Ну не сталі пакуль землякі, напрыклад, “Пагрозай аўтарытэтаў”...
“Прыз справядлівай гульні”, а таксама “Двума саставамі” прысуджаны барысаўскаму БАТЭ. “Прыз глядацкіх сімпатый” дастаўся ФК “Гомель”. Жодзінскае “Тарпеда” заваявала прыз “Пагроза аўтарытэтаў”.
Лепшым гульцом чэмпіянату, лепшым нападаючым і лепшым бамбардзірам стаў Раман Васілюк (“Гомель”). Лепшым варатаром названы Сяргей Верамко (“Нёман”), лепшым абаронцам – Арцём Радзькоў (БАТЭ), а лепшым паўабаронцам – ягоны аднаклубнік Ігар Стасевіч.
Як паведамлялася раней, лепшым футбалістам Беларусі прызнаны Аляксандр Глеб (“Арсенал”, Англія). У намінацыі “Лепшая футбалістка Беларусі” перамагла Вольга Новікава, якая выступае за клуб “Надежда” (Ногінск, Расія).