У Полацку праходзіць дабрачынная акцыя па збору сродкаў на прафілактычны рамонт аргана Сафійскага сабора. Акцыю “Арган XXI стагоддзя” ініцыявалі супрацоўнікі Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, у склад якога ўваходзіць і канцэртны зал Сафійскага сабора.
Пакуль што невялікія адхіленні ў гучанні аргана чуюць толькі прафесіяналы, але музычны інструмент, які мае 3 905 труб, патрабуе курс прафілактычнага аздараўлення. У Беларусі няма спецыялістаў, які маглі б выканаць такую працу. Таму майстроў вымушаны запрашаць з-за мяжы.
Каб зарабіць сродкі на будучы рамонт, салістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая давала канцэрты ў швейцарскім горадзе Базэле. Яе выступленні збіралі тысячы людзей, і яны ахвяравалі грошы на гэту справу. 16 снежня К.Пагарэлая правядзе ячшэ адзін дабрачынны канцэрт, на гэты раз ужо ў родным горадзе.
Дапамагчы полацкаму аргану згадзіўся майстар Дзмітрый Ціценка з Кіева. Чакаецца, што ён прыедзе ў Полацк з 17 па 27 снежня. Да гэтага часу для рамонта неабходна сабраць 3 мільёны рублёў.
Канцэртны зал Сафійскага сабора – адзін з лепшых у Еўропе. Падчас фестывалю “Званы Сафіі” і іншых культурных мерапрыемстваў тут заўжды выступаюць сусветна вядомыя выканаўцы з Германіі, Аўстрыі, Францыі, Швейцарыі і іншых краін.
Паводле абласной газеты “Народнае слова”.