Народные новости Витебска

Галоўным трэнерам ФК “Віцебск” прызначаны Юрый Канаплёў

Галоўным трэнерам футбольнага клуба “Віцебск” афіцыйна прызначаны Юрый Канаплёў. Нагадаем, што ў мінулым сезоне (пачынаючы з траўня) ён працаваў з камандай у якасці выконваючага абавязкі галоўнага трэнера. Пасля звальнення былога галоўнага трэнера – расіяніна Андрэя Чарнышова – кіраўніцтва “Віцебска” доўга шукала новага настаўніка. З самага пачатку на гэту пасаду разглядалася кандыдатура былога футбаліста мінскага “Дынама” і зборнай СССР Сяргея Алейнікава. Затым прыглядаліся да Юрыя Курненіна, Эдуарда Малафеева і Сяргея Гарлуковіча. Абралі ўрэшце Канаплёва.

Даведка: Юрый Канаплёў нарадзіўся ў 1962 годзе ў пасёлку Руба Віцебскай вобласці. Скончыў факультэт фізічнага выхавання Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Выступаў за віцебскія каманды “Дзвіна”, “Віцязь”, КІМ, “Лакаматыў-96”, а таксама за “Дынама” (Брэст), наваполацкі “Нафтан”. Быў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.

Майстар спорту. Уладальнік Кубка Рэспублікі Беларусь 1998 года, сярэбраны прызёр чэмпіянатаў краіны 1993 і 1995 гадоў і бронзавы прызёр – 1994 і 1997 гадоў.

Футбольную кар’еру скончыў у 2001 годзе. Затым працаваў інструктарам-метадыстам ЖЭУ №23. У 2005 годзе прыйшоў працаваць у ФК “Лакаматыў”, дзе спачатку трэніраваў дубліруючы састаў.