Чыноўніцу прыцягнуць да адказнасці за знявагу беларускай мовы?
15 студзеня грамадскі актывіст з Гарадка Леанід Аўтухоў звярнуўся ў РАУС з заявай аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці начальніка аддзела культуры Гарадоцкага райвыканкама Вольгу Каўрыга. На думку спадара Аўтухова, чыноўніца парушыла артыкул 9.22 Кодэкса РБ “Аб адміністратыўных правапарушэннях”, стварыўшы "перашкоды і абмежаваньні ў карыстаньні беларускай дзяржаўнай мовай".
Паводле спадара Аўтухова, гэта выразілася ў тым, што загадчыца аддзела культуры не дазволіла правесьці сустрэчу зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым у раённай бібліятэцы.
Да таго ж у адказ на проcьбу пра сустрэчу, складзеную па-беларуску, Вольга Каўрыга напісала адмову на расейскай мове.
У Гарадоцкім РАУС заяву спадара Аўтухова прынялі да разгляду. Калі справа дойдзе да суду і чыноўніцу прызнаюць вінаватай, ёй пагражае штраф памерам ад 140 тысяч да 350 тысяч рублёў.
Крыніцы: Радыё Свабода, belarda.org.