Сям’я няродная, але дружная

Традыцыйная навагодняя ёлка для прыемных і апякунскіх сем’яў прайшла ў Раённым доме культуры на мінулым тыдні. Сярод мноства людзей звяртаў на сябе ўвагу малады мужчына з трыма малымі дзецьмі. Маленькую дзяўчынку ў прыгожай карнавальнай сукенцы ён увесь час трымаў на руках. Калі паставіў на падлогу, тая адразу залілася слязамі, і бацька зноў узяў яе на рукі. Двое хлопчыкаў так сама туліліся бліжэй да яго: адстаноўка ўсеж незнаёмая.

Кожны год супрацоўнікі сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі Полацкага райвыканкама ладзяць дабрачынную навагоднюю ёлку для 130 дзяцей з прыемных і апякунскіх сем’яў. Навагодняя ёлка, як вядома, без падарункаў не бывае. Іх дапамаглі набыць калектывы Полацкага камбіната хлебапрадуктаў і Полацкага лясгаса. Частку грошай выдзеліў аддзел адукацыі.

Пакуль дзеці ў чаканні навагодняга спектакля, знаёмімся з Аляксандрам Маславым і яго сям’ёй. Менавіта ён з’яўляецца прыёмным бацькам. Аляксандр Ягоравіч расказаў, што ўсё вырашыў выпадак. Спачатку яны з жонкай узялі ў 2005 годзе на выхаванне пляменніка, якога кінула сястра жонкі. А пасля, гэта было летась, супрацоўніца сектара аховы дзяцінства прапанавала “толькі паглядзець на двух такіх слаўных дзетак”. Яны паглядзелі, параіліся і ўзялі на выхаванне Сашу і Андрэя. Сёлета Сашы споўнілася два з паловай гады, Андрэю – чатыры.

Ён, жонка Святлана, якая па прафесіі настаўнік-дэфектолаг, дачка Алена так прывыклі да малых, што і не ўяўляюць, як бы жылі інакш. Малую Сашу дачка Алена, як расказаў бацька, з рук не спускае.

Вакол ёлкі ў гэты час разыграўся цікавы навагодні спектакль, які падрыхтавалі работнікі Раённага дому культуры. Дзеці з верай у сапраўднасць таго, што адбываецца, з вялікай радасцю сустракалі Дзеда Мароза, а потым вадзілі карагод, гулялі, разгадвалі загадкі, расказвалі вершы... Не стамляючыся вакол ёлкі тупала і маленькая Саша. Атрыманыя ад Дзеда Мароза цукеркі прыносіла бацьку, аддавала і, шчаслівая, у сваёй прыгожай сукенцы, зноў спяшалася да дзяцей.

Паводле газеты “Полацкі веснік”

Меткі: ,

Чытайце яшчэ