Вялікі праект віцебкіх мастакоў да 70-годдзя Віцебскай вобласці
Да 70-годдзя Віцебскай вобласці ў Цэнтры сучаснага мастацтва абласнога цэнтра працуе выстава работ мастакоў Віцебшчыны. Яна здзіўляе разнастайнасцю жанраў (нацюрморты, партрэты, пейзажы), стыляў (ад класікі да авангарда) і тэхнік.
Удзельнікі выставы – як вопытныя, так і пачынаючыя сучасныя мастакі Віцебска, Полацка, Оршы, Шаркаўшчыны, сярод іх – Віктар Шылко, Анатоль Ізаітка, Аляксандр Дасужаў, Вікенцій Ральцэвіч, Уладзімір Восіпаў, Мікалай Міхайлаў, Георгій Кісялёў, Мікалай Дундзін, Надзея Манцэвіч, Алена Яснова, Валерый Магучы, Аляксандр Гвоздзікаў, Віктар Крук, Наталля Дзямшова і многія іншыя.
На юбілейнай выставе прадстаўлена больш за 100 работ – яны адлюстроўваюць легенды і паданні Віцебшчыны, стары Віцебск, прыгажосць прыроды віцебскага краю. Можна ўбачыць творы, выкананыя ў самых розных тэхніках – жывапіс, графіка, бацік, скульптура, габелен, кераміка.
У работах многіх мастакоў гучыць тэма Віцебска – лінагравюры “Ратуша с вуліцы Суворава” Рыгора Клікушына, карцінах Вячаслава Шамшура (“Віцебскі матыў”, “Вячэрняе святло”) і іншых. Мікалай Дундзін прадставіў трыпціх “Вольга”, “Воін”. “Пясняр”, прысвечаны старадаўняму Віцебску; Юрый Чарняк – рэтраспектыўную серыю музейных экспазіцый, створаных і ажыццяўлёных у розныя гады ў Віцебску і Віцебскай вобласці.
Але не толькі Віцебск стаў героем юбілейнай выставы. Анатоль Ізаітка ў адной са сваіх работ – “Грамніцы” – ярка і вобразна перадаў свае адчуванне з’явы сустрэчы зімы і вясны. Людміла і Валерый Кавальчукі выставілі тры серыі работ, адмыслова выкананых з керамікі, Міхаіл Бычкоўскі – абстрактную кераміку. Гэты творчы праэкт аб’яднаў шматпланавыя работы больш за 50 мастакоў.
Экспазіцыя прыадкрывае шырокаму гледачу таямнічы свет мастацкіх майстэрняў віцебскіх майстроў пэндзаля, дэманструе іх глыбокі творчы патэнцыял і высокі прафесіяналізм.