У Віцебску пройдзе чэмпіянат па лыжных гонках сярод выратавальнікаў
У Віцебску 23-25 студзеня пройдзе чэмпіянат Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па лыжных гонках. Сёлета ён адбудзецца ў чацвёрты раз. Паміж сабой паспаборнічаюць 10 каманд з усіх абласных упраўленняў міністэрства, а таксама Мінскага гарадскога ўпраўлення і навучальных устаноў міністэрства.
Спаборніцтвы пройдуць ў складаных умовах з-за цёплага надвор’я. Так, для падрыхтоўкі лыжнай трасы віцебскім выратавальнікам давялося завезці больш за 30 грузавых машын снегу з бліжэйшых лясоў.
Сёння пройдзе лёсаванне ўдзельнікаў, а заўтра адбудзецца першы старт. На дыстанцыю 10 кіламетраў выйдуць мужчыны. Затым у гонцы на 5 кіламетраў вызначаць мацнейшага сярод старэйшай узроставай групы. Пасля на дыстанцыю 2,5 кіламетры выйдуць жанчыны. Завершыцца чэмпіянат ў пятніцу эстафетай 4х5 кіламетра, паведамляе БелТА.