Віцебскі гурт “Восьмыдзень” прадставіў прэм’еру канцэртнай праграмы “Рэкі”

Фолк-рок-гурт «Восьмыдзень» у Віцебску. Фота Сержука СераброУ канцэртным зале «Віцебск» вечарам 8 лютага прайшоў канцэрт фолк-рок-гурта «Восьмыдзень». Музыканты прадставілі праграму пад назвай «Рэкі». Зараз гурт рыхтуе да выпуску дэбютны альбом пад аднайменнай працоўнай назвай. Гэта быў другі сольны канцэрт, з якім калектыў выступіў у родным горадзе. 

Гурт «Восьмыдзень» узнік у 2004 годзе ў Віцебску. З’яўляецца ўладальнікам гран-пры фестываля «Рок-кола-2005» у Полацку. Музыканты ўдзельнічалі ў «Рок-каранацыі-2005 і 2006» у Мінску, «Рок-кола-2006», фестывалі фолк-музыкі «Вольнае паветра» пад Лагойскам у 2007 годзе. Зараз гурт працуе пры Цэнтры культуры «Віцебск».

Фолк-рок-гурт «Восьмыдзень» у Віцебску. Фота Сержука СераброКалектыў выконвае песні на сучаснай беларускай і старабеларускай мовах. На афіцыйным сайце гурта «Восьмыдзень» музыканты тлумачаць, чаму вырашылі звярнуцца ў сваёй творчасці да нацыянальных вытокаў: “Для сучаснай музыкi вельмi характэрна змешванне мноства стыляў, так сама i мы – нейкая сучасная музыка нейкага няпэўнага кiрунку: фантазii на народныя тэмы, “этнаальтэрнатыва”. Адзiнае, што вядома дакладна, бо нязменна – мова, якую вы чуеце ў нашых песеньках. Беларуская, з дамешкам старабеларускае, амаль забытая сягоння, але такая пявучая i чароўная мова маленькага народа. Нам хацелася б, каб людзi ведалi i памяталi, хто яны, не мкнулiся б да захаду цi ўсходу, бо сваё можна знайсцi толькi побач. Наша мэта – паказаць, што народ наш не загiнуў, што мы здольныя не на малыя справы, што ў нас таксама можа быць свой шлях, i, няхай няшмат яшчэ сiлаў, нам за гэта нi перад кiм i нiколi не павiнна быць сорамна. А гурт “Восьмыдзень”, калi дазволiце, будзе маленькім служкам у развiццi сучаснай i будучай беларускай культуры”.

Меткі:

Чытайце яшчэ