Народные новости Витебска

А што кажа Касцёл?

З Сярэднявечча святы Валянцін, лацінскае імя якога азначае «моцны, здаровы», ушаноўваўся як апякун хворых эпілепсіяй. У тыя часы яна так і называлася: «хвароба святога Валянціна». Святы Валянцін таксама лічыцца апекуном міру і пчаляроў. А тое, што гандаль вынайшаў 14 лютага як дзень «чырвоных сэрцаў», кветак і мяккіх цацак, шчыра кажучы, не мае нічога супольнага са святым Валянцінам.

 Святы Валянцін ушаноўваўся ўжо з IV стагоддзя як мучанік. Мы няшмат ведаем аб яго жыцці. Паводле некаторых звестак, ён быў рымскім святаром, які апекаваўся хрысціянскімі мучанікамі, церпячымі за веру. У 268 годзе ў часы кесара Аўрэлія, ужо ў якасці біскупа Тэрні, ён быў замучаны, таму што не пажадаў вырачыся сваёй веры.

У многіх гарадах старажытнай Італіі святы Валянцін быў шанаваны са старадаўніх часоў. Ужо ў тыя часы з’явіўся звычай, што ў дзень святога Валянціна лёс «прызначаў адно аднаму пары маладых людзей. Пасля ўзаемнага абмену падарункамі яны заставаліся на працягу цэлага года нарачонымі, а пасля гэтага ўступалі ў сужэнскі саюз.

Святы Валянцін у многіх краінах з’яўляецца апекуном закаханых. З XIV стагоддзя яго дзень адзначаецца ў Францыі, Велікабрытаніі, Бельгіі і Амерыцы. У Англіі закаханыя дораць адно аднаму картонныя сэрцы з малюнкамі Рамэо і Джульеты, у ЗША — паштоўкі з адпаведнымі малюнкамі. У апошні час вельмі папулярным стала высыланне е-мэйлаў падпісаных «Твой Валянцін».

Каталіцкі Касцёл з нагоды свята Святога Валянціна усё часцей звяртае ўвагу на тое, што ў наш час маладыя людзі сустракаюцца з пачуццём закаханасці ўсё раней і раней. Яны адчуваюць голад блізкасці, кахання і пачуццяў. Менавіта таму юнакі і дзяўчаты так часта блытаюць каханне з закаханасцю. Драма пачынаецца тады, калі замест сустрэчы асобы з асобаю сустракаюцца наіўнасць з пажадлівасцю. Закаханасць перастае тады быць дарогай да развіцця і радасці, а наадварот, становіцца месцам крыўды і прыніжэння. Першае каханне ператвараецца ў эмацыянальную, і не толькі, катастрофу.

Некалькі год таму Ватыканскае Радыё прапанавала закаханым здзяйсняць паломніцтвы да магілы святога Валянціна, якая знаходзіцца ў базіліцы горада Тэрні. У 1997 годзе кароткі ліст да сабраных у Тэрні напісаў Папа Ян Павел ІІ. Падчас свята ў Тэрні адбываюцца канцэрты, спектаклі, паказы фільмаў, канферэнцыі, выставы і спартыўныя імпрэзы, якія працягваюцца ўвесь люты і заканчваюцца «валянцінкамі» ўдоваў і ўдаўцоў, а таксама старэйшых людзей і хворых.

У Беларусі у невялікім гарадку Смалявічы будуецца касцёл святога Валянціна. Тут у нядзелю 17 лютага адбудзецца ўрачыстая літургія на ўшанаванне гэтага святога.

Паколькі сёлета дзень святога Валянціна прыпадае ў Каталіцкім Касцёле на Вялікі пост, іерархі нагадваюць пра ўстрыманне ад удзелу ў шумных забавах. Яны заклікаюць да таго, каб гэтае свята прайшло пад знакам роздуму над тым, што такое каханне і ў чым яго сэнс, а таксама малітвы аб адшуканне сапраўднага кахання.

Паводле інфармацыі Сакратарыята Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.