Для віцебскіх слухачоў Вайцюшкевіч цягам паўтары гадзіны спяваў кампазіцыі са сваіх ранейшых альбомаў на вершы Уладзіміра Някляева, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Маякоўскага, Рыгора Барадуліна, а таксама песню “Суседка” з апошняга, дзесятага ў творчасці музыканта, альбома “Лірыка” на вершы Генадзя Бураўкіна. А някляеўскія “Хрызантэмы” сталі ў Віцебску прэм’ерай.
Падчас канцэрта Зміцер увесь час жартаваў з публікай. Прадстаўляючы песню “Пані ў гадах”, Вайцюшкевіч супакоіў самых маладзенькіх слухачак: “Дзевачкі, не перажывайце, у вас гэта ўсё яшчэ наперадзе”. Перад тым, як праспяваць “Мірныя людзі” на верш Андрэя Хадановіча, бард пацікавіўся: “Ці ёсць тут хто з віцебскай ідэалогіі?” Песенька гэтая пра асноўнае жаданне беларуса – “каб толькі не было вайны, а там хай будзе, як будзе...” А вось песеньку з немудрагелістым тэкстам “Чувіха клёвая гуляла з Лёваю, а сёння прашвырнулася са мной”, па словах Зміцера, у маладосці любілі спяваць нашыя класікі – Барадулін, Бураўкін і нібыта Караткевіч.
Па сваёй звычцы на развітанне Вайцюшкевіч выканаў “Бывайце здаровы”. Але зал стоячы доўга не адпускаў спевака, і ён пад гучныя апладысменты праспяваў яшчэ “Я нарадзіўся тут”. “Дзякуй вам за тое, што вы так паважна прынялі мяне, і гэты свой першы канцэрт у Віцебску я запомню”, – сказаў бард. Як падалося, гэта быў не проста дзяжурны камплімент, а словы ад сэрца.
Канцэрт З.Вайцюшкевіча ў абласной філармоніі арганізавала творчая група No Logo Promo.