Наваполацкім слухачам Бартосік прадставіў песьні з “Рускага альбому”, які на дадзены момант яшчэ знаходзіцца ў працэсе студыйнага запісу. Як казаў Зміцер, гэтая кружэлка павінна ўбачыць сьвет восеньню 2008 года.
Па-першае, “Рускі альбом” уражвае тым, што ў яго ўваходзяць “самыя адметныя”, па словах музыкі, творы Высоцкага, Акуджавы, Вярцінскага, Уцёсава, перакладзенныя на беларускую мову Рыгорам Барадуліным. Па-другое, ўражваюць інтанацыі сьпевака – замерлая заля насалоджвалася грасіраваньнем Вярцінскага, непаўторным барытонам Уцёсава, хрыплым надрывам Высоцкага. А раманс “Ранне туманнае, ранне сівое…” ў адметным перакладзе на матчыну мову – не хапае слоў, каб выказаць свае пачуцьці! Прыгадваючы моладзевы слэнг -- рэспэкт і ўважуха!
У гэты снежны, але тым ня менш вельмі цёплы па настроі вечар, Зьміцер Бартосік прэзентаваў усім прысутнічаўшым яшчэ і другую сваю іпастась – пісьменьніка, аўтара шматлікіх эссэ. “Немец” і “Лукашенка памёр”, зачытаныя аўтарам са зборніку “Чорны пісталет”, выклікалі ў залі гучны рогат і нястрыманыя вопляскі. Мне асабіста творчасць Бартосіка прывяла на памяць творы Ільфа з Пятровым і Джэрома К. Джэрома.
Спадзяемся, што Зьміцер Бартосік яшчэ не раз завітае да нас са сваімі выступамі, і з няцярпеньнем чакаем новай кружэлкі.