“Рок-Кола–2009”, хутчэй за ўсё, пройдзе ў “беларускім горадзе” Смаленску

Дырэктар забароненага полацкага фестывалю «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка на пачатку сакавіка правядзе з уладамі Смаленска перамовы аб будучым правядзенні рок-фэсту ў гэтым расійскім горадзе.

Сяргей Анішчанка 1 сакавіка павязе на смаленскі фестываль «Рок-праекцыя» наваполацкі гурт «Фляус і Кляйн». Падчас свайго візіту ён таксама мае намер сустрэцца з мэрам Смаленска Уладзіславам Халецкім, каб абмеркаваць будучыню «Рок-Кола». «Ёсць вялікая верагоднасць, што ў 2009 годзе «Рок-Кола» пройдзе ў Смаленску. Смаленскія ўлады прапаноўваюць арганізаваць у іх правядзенне трохбаковага фестывалю – з удзелам музыкантаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Больш таго, яны прапаноўваюць падчас фестывалю на адзін дзень, 1 лютага, абвесціць Смаленск беларускім горадам, і ў гэтага ёсць гістарычныя прычыны», – сказаў С.Анішчанка.

Паводле ягоных словаў, сёлета «Рок-Кола» павінна прайсці летам у Лагойску. «Гэта прапанова Сяргея Ждановіча, прадзюсера спявачкі Влады», – патлумачыў дырэктар полацкага рок-фестывалю.

Нагадаем, што фестываль «Рок-Кола» (сямнаццаты па ліку) адбыўся ў Полацку 26-27 кастрычніка 2007 года. Праз тры дні пасля яго завяршэння, Рада па каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры Полацкім гарвыканкаме прыняла рашэнне спыніць дзейнасць гэтага музычнага форуму. У пратаколе пасяджэння рады адзначалася: «Лічыць немэтазгодным правядзенне ў горадзе мерапарыемстваў тыпа фестывалю «Рок-Кола», далёкіх ад гістарычнай, духоўнай спадчыны горада Полацка і праваслаўя. Рэкамендаваць адказным асобам, якія адказваюць за духоўнае выхаванне моладзі, устрымлівацца ад ініцыіравання падобных мерапрыемстваў”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ