Начальнік калоніі не пусціў Казуліна на пахаванне жонкі “за дрэнныя паводзіны”
Начальнік калоніі "Віцьба-3" Віталь Агнісцікаў падрыхтаваў адмову на просьбу палітвязня Аляксандра Казуліна пра паездку на пахаванне жонкі Ірыны.
Аб гэтым распавёў праваабаронца і прадстаўнік БХК Павел Левінаў пасля размовы з начальнікам калоніі.
Паводле спадара Левінава, Віталь Агнісцікаў адмовіў Казуліну з прычыны таго, што зняволены мае чатыры спагнанні за парушэнні дычцыпліны. Што гэта былі за парушэнні, начальнік калоніі не ўдакладніў, сказаў толькі, што Казулін адмаўляўся выконваць распараджэнні адміністрацыі. У бяседзе з прадстаўніком БХК Віталь Агнісцікаў сказаў, што яго рашэнне канчатковае і можа быць адменена толькі вышэйшымі інстанцыямі. Дарэчы, у нядзелю 24 лютага Віталь Агнісцікаў паведаміў незалежным журналістам, што не мае права прынімаць рашэнне аб прадастаўленні Аляксандру Казуліну магчымасці з'ездзіць на пахаванне жонкі, бо такое рашэнне прымаюцца толькі на рэспубліканскім узроўні.
Ірына Казуліна памерла ўвечары 23 лютага. Яна з 1990 года хварэла на рак малочнай залозы. Развітанне з Ірынай Казулінай мае адбыцца сёння ў Чырвоным Касцёле ў Мінску. Па паведамленнях прэсы, Аляксандр Казулін выказаў намер аб'явіць сухую галадоўку, калі яго не адпусцяць развітацца з жонкай. У той жа час была распаўсюджана заява дачкі Казуліна Вольгі аб тым, што Ірына Казуліна не будзе пахавана, пакуль Аляксандру Казуліну не дадуць магчымасці праводзіць яе ў апошні шлях.