Народные новости Витебска

Вялікі пост

За бясконцасцю клопатаў і спраў мы і не заўважылі, як падышоў да заканчэння масленічны тыдзень. Называюць яго «мясапусным». Галоўнай стравай колісь у гэты час былі бліны — пшанічныя, грэцкія, дранікі. I была весялосць — ажно цераз край.

У мінулую нядзелю адгулялі Масленіцу, а з панядзелка, 10 сакавіка, пачынаецца Вялікі пост. Апошняя нядзеля перад постам завецца Даравальнай. Праваслаўныя хрысціяне напярэдадні посту прыміраюцца з усімі, на каго ў душы былі крыўда, гнеў, злосць. А ў жыцці столькі ўсяго адбываецца... І неістотна, на каго скіраваны негатыўныя пачуцці — на родзіча, суседа ці саслужыўца. Няпраўда раніць аднолькава ўсіх, і асабліва таго, хто носіць яе ў сваёй душы. Вось і існуе ў праваслаўных хрысціян традыцыя: перш, чым прыступіць да посту, трэба спачатку прымірыцца са сваім бліжнім, папрасіць даравання за ўсе неабдуманыя словы і ўчынкі.

Вечарам у праваслаўных храмах мяняецца ўбранне, колер яго ўвесь пост будзе чорны, а на вячэрнім набажэнстве служыцца спецыяльны чын.

Даравальная нядзеля — гэта святы, узнёслы і шчымлівы момант нашага жыцця, калі мы не толькі можам, але і абавязаны прымірыцца са сваімі роднымі і блізкімі. Гэта галоўная і неабходная ўмова прымірэння з Богам. Не патушыўшы ўзаемнай варожасці, нельга пачынаць пост і пакаянне. Мы хочам, каб нас любілі, значыць, трэба любіць і нам.