Ці будзе ў Воршы вуліца Пяткевіча?

Амаль 10 год таму гарадская тапанімічная каміія Воршы прагаласавала за перайменаванне завулка Шафёрскага ў вуліцу імя Пяткевіча.

Георгій Васільевіч Пяткевіч быў першым пасляваенным старшынём гарвыканкама. Ён узяў на свае плечы цяжкі груз адказнасці за разбураны на 78% родны горад. Гэта здарылася 27 чэрвеня 1944 года, па вызваленні Воршы ад нямецкай акупацыі, калі Г.В. Пяткевічу было 37 гадоў

У горадзе не засталося ні крам, ні школ і шпіталяў, ні нават святла ці жытла. Аршанцы туліліся ў падвалах і зямлянках. Кожную раніцу новы старшыня, пераадольваючы боль у параненай на фронце назе, выходзіў у горад, і, цяжка абапіраючыся на кіёк, крочыў праз завалы цэглы і жалеза. За дзень ён абыходзіў усе аб’екты, аднаўленне якіх вялося ў Воршы.

Праз пяць гадоў ягонай працы ў горадзе ўжо не было аніводнага жыхара, які б жыў у зямлянцы. Былі адбудаваныя не толькі жылыя дамы, прадпрыемствы, школы і крамы -- свае дзверы таксама адчынілі бібіліятэкі, клубы, спартыўныя ўстановы і нават музей К.С.Заслонава.

Да Пяткевіча заўсёды прыходзіла шмат людзей, і ніхто не пакідаў ягоны кабінет з крыўдай. Ён умеў і выслухаць чалавека, і дапамагчы каму парадай, а каму -- справай.

Пасля пяці гадоў старшынёўства Георгій Васільевіч яшчэ шэсць год працаваў на пасадзе намесніка. А калі пайшоў на пенсію па інваліднасці, працягваў працаваць у гарвыканкаме ў якасці няштатнага памочніка старшыні. Апрача таго, аршанцы нязменна абіралі яго дэпутатам гарсавета, бо ведалі, што ён ніколі не адмовіць у дапамозе.

Георгій Пяткевіч быў сціплым чалавекам, ён нічога не патрабаваў для сябе, для сваёй сям’і. Да апошніх дзён ён з сям’ёй з 8 чалавек пражыў у невялікім драўляным дамку без зручнасцяў. Працоўны подзвіг аршанскага старшыні быў адзначаны ўрадам рэспублікі: у студзені 1949 года ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Але гарадскія ўлады ўшанаваць яго не захацелі.

На згаданым паседжанні тапанімічнай камісіі разглядалася таксама перайменаванне вуліц у гонар аднаго з абаронцаў горада ў 1941 годзе кулямётчыка Цаліб’ева і савецкага афіцэра Палевіка, які браў удзел у вызваленні горада. У выніку гэтыя два імёны з’явіліся на карце горада, а імя Пяткевіча – не. Праз колькі год тапанімічная камісія зноў аднагалосна прыняла рашэнне аб ушанаванні памяці Пяткевіча – ізноў безвынікова.
Неаднаразова пра мэтазгоднасць ушанавання памяці першага пасляваеннага кіраўніка горада пісалі ў мясцовай і абласных газетах ветэраны-аршанцы, якія добра памяталі гэтага чалавека. Але пазнейшыя кіраўнікі горада, якія, па-сутнасці, атрымалі падначалены ім горад у спадчыну ад Пяткевіча, нібы не заўважалі гэтых допісаў, пад якімі стаялі подпісы паважаных людзей.

Тады ветэраны вырашылі звярнуцца да гарадскіх уладаў наўпрост. У красавіку 2007 года на вечарыне, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Г.В. Пяткевіча, адпаведны зварот падпісалі былыя супрацоўнікі гарвыканкама і гарадскога камітэта камсамола, ветэраны працы, суседзі, журналісты, супрацоўнікі гарадскіх музеяў, а таксама члены клуба ветэранаў “Яшчэ не вечар” – усяго каля 70 чалавек. Яны прасілі адзначыць працоўны подзвіг Г.В Пяткевіча мемарыяльнай дошкай на будынку хаты, у якой ён жыў, і ў назве вуліцы.

Паводле прэзідэнцкай Дырэктывы №2 улады мусілі сустрэцца з тымі, хто падпісаўся пад зваротам. Але ім, пэўна, і прэзідэнцкая дырэктыва – не аўтарытэт. Намеснік старшыні гарвыканкама М.В. Саксонаў даслаў у адказ на калектыўны ліст зняважлівую адпіску: маўляў, дакажыце, што ордэн быў атрыманы Пяткевічам менавіта за аднаўленне горада. Напісалі ветэраны ў архіў, атрымалі адказ: так, сапраўды ордэн быў атрыманы Пяткевічам за ўдзел у аднаўленні разбуранага вайной горада. Пасля гэтага гарадскія ўлады доўга маўчалі. У часе іхнага маўчання да вырашэння гэтага пытання падключылася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Анікеева, быў накіраваны адмысловы ліст на адрас старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі. І толькі ў лістападзе 2007 года прыйшоў адказ ад старшыні Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў Віталія Сівакова. Аднак не было у гэтым адказе чаканага паведамлення пра разгляд гэтага пытання дэпутатамі. Проста некалькі чыноўнікаў вузкім колам вырашылі, што ў выпадку пабудовы у горадзе новага мікрараёна, пры жаданні ягоных жыхароў у ім можа з’явіцца вуліца Пяткевіча. Калі ж будзе будавацца гэты новы мікрараён, і хто будзе апрошваць жыхароў – пра гэта у адказе старшыні гарсавета не сказана ні слова.

Усё вышэйсказанае наводзіць на думку, што аршанскія ўлады проста не маюць павагі ні да гараджан-ветэранаў, ні да сваіх папярэднікаў. З нейкаю незразумелай упартасцю яны паказваюць, што дзесяткі подпісаў паважаных людзей для іх – нішто. Яны не толькі не ведаюць гэтага славутага чалавека, болей таго, яны нават не захацелі нічога пра яго даведацца: на прысвечанай памяці Георгія Пяткевіча вечарыне не было аніводнага прадстаўніка цяперашняга гарадскога кіраўніцтва. А дарма, бо на гэтай вечарыне яны магліб пачуць, як добра ўспамінаюць гэтага чалавека аршанцы нават праз 36 гадоў пасля ягонай смерці. І тады, можа быць, ім стала б сорамна, што яны не ўмеюць прыслухоўвацца да жыхароў горада так, як умеў гэта рабіць Г.В.Пяткевіч, і таму так марудзяць з ушанаваннем ягонай памяці.

Мажліва, тады б у Воршы не было б чатырох Берагавых вуліц і такой жа колькасці завулкаў Бялінскага, пяці Заводскіх вуліц і па некалькі завулкаў Марата, Мічурына і Чырвонагвардзейскіх. А з’явіліся б вуліцы, у назвах якіх былі б ушанаваныя знакамітыя землякі: пісьменнікі Міронаў і Васілёнак, скульптар Вакар, сцэнарыст Ласкін (аўтар сцэнарыя “Карнавальнай начы”) ці сусветна вядомы псіхолаг Выгоцкі...

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ