Чакаецца, што ў 2009 годзе ў Віцебскай дыяцэзіі адбудзецца каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў. Зараз праводзіцца адпаведная экспертыза: укаранаваннем ганаруюцца толькі тыя абразы, якія праславіліся шматлікімі цудамі і маюць багатую гісторыю.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі напярэдадні Вялікадня біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, калі вынікі экспертызы будуць адпавядаць гэтым патрабаванням, абраз Маці Божай Браслаўскай дапоўніць шэраг раней укаранаваных святыняў, сярод якіх абразы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, Маці Божай Будслаўскай, Панны Марыі Беззаганна Зачатай у мінскім архікатэдральным касцёле і інш.
Паводле гістарычных звестак, абраз Маці Божай Браслаўскай паходзіць з мужчынскага праваслаўнага манастыра, які існаваў на адным з астравоў возера Неспіш. У 1832 годзе манастыр згарэў ад маланкі, але абраз захаваўся і быў перанесены ў Браслаўскі касцёл.