На балконе ў апазіцыянера Б.Хамайды вывесілі… чырвона-зялёны сцяг
Вядомаму віцебскаму апазіцыянеру Барысу Хамайдзе на Дзень Волі нехта вырашыў зрабіць “падарунак”: на балконе дэмакратычнага актывіста невядомыя вывесілі дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг.
“Калі я вярнуўся дахаты з міліцыі, куды мяне сёння разам з іншымі дэмакратычнымі актывістамі забралі ад “сіняга дома”, то ўбачыў, што на маім балконе вісіць гэты сцяг. Відавочна, што яго туды паднялі – я жыву на другім паверсе – з дапамогай нейкай тэхнікі ці іншых прыстасаванняў. Хутчэй за ўсё, гэта рабілі людзі, спрактыкаваныя ў працах на вышыні, можа, з МЧС. Сцяг моцна прыбіты да балкона металічнымі скобамі. Да сцяга прымацавана нейкая паперка. Што ў ёй напісана, я не ведаю – бо да яе не дацягнуцца. Магчыма, заўтра ў прысутнасці журналістаў я яе і дастану”, – распавёў “Народным навінам Віцебска” Барыс Хамайда.
З гэтым сцягам апазіцыянер, па ягоных словах, рабіць нічога не збіраецца. “Яны думалі, што я яго парву, парэжу ці спілю. А я нічога гэтага і не думаю рабіць – няхай сабе вісіць, хоць спрахне. Між іншым, тыя, хто гэта зрабіў, не ведаюць, што прымацоўванне якіх-небудзь запісак да дзяржаўнага сцяга па законе з’яўляецца знявагай гэтага дзяржаўнага сімвала”, – заўважыў апазіцыянер.
У сувязі са з’яўленнем чырвона-зялёнага сцяга на сваім балконе Барыс Ханонавіч назаўтра падрыхтаваў свой перфоманс.