Народные новости Витебска

Папярэджанне аб звальненні атрымаў актывіст Руху «За Свабоду» Леанід Аўтухоў

Створаная кіраўніком краіны пачварная сістэма усеагульных прымусовых кантрактаў дае наймальнікам права звальняць любога грамадзяніна, які мае свае меркаванні. Спецслужбы, якія адсочваюць дэмакратычны супраціў у краіне праз выканаўчую уладу прымушаюць наймальнікаў звальняць з працы актывістаў дэмакратычнага руху.

Чарговай ахвярай кантрактнай сістэмы стаў актывіст Руху «За Свабоду», старшыня Гарадоцкай суполкі БНФ Леанід Аўтухоў, які атрымаў паведамленне аб звальненні з 3 красавіка. Мясцовыя улады вырашылі пазбавіць працы бацьку двух дзетак, які не меў ніякіх заўваг і спагнанняў па працы. Асноўная «віна» перад уладай у тым, што спадар Аўтухоў актыўна дабіваецца адшукання Крыжа «Змагарам за Свабоду», які быў скрадзены у кастрычніку 2007 году, патрабуе ад мясцовых чыноўнікаў выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, з’яўляўся арганізатарам сустрэчы жыхароў Гарадка з Аляксандрам Мілінкевічам, выдае мясцовую газету «Да перамогі!».

Гэтая актыўнасць працаўніка Гарадоцкай ЖКГ выклікала негатыўную рэакцыю мясцовых кіраўнікоў і для ціску на актывіста вырашылі выкарыстаць звальненне з працы. Для чарговага кандыдата ад улады у Палату прадстаўнікоў па Шумілінскай акрузе існуючы рэжым плануе зрабіць канкурэнта -- Леаніда Аўтухова -- беспрацоўным. Менавіта Леанід Аўтухоў зацверджаны адзіным кандыдатам ад АДС па Шумілінскай акрузе у выбарчай кампаніі 2008 года.