Полацкія вокны для «Дажынак»
На працягу двух месяцаў у Полацкім філіяле вытворчага прыватнага унітарнага прадпрыемства «Элект» працуе ўласная лінія па вытворчасці шклопакетаў.
Гэта сучаснае высокапрадукцыйнае абсталяванне, здольнае вырабляць да 200 шклопакетаў у змену, узмацніла арганізаваны ў мінулым годзе вытворчы ўчастак па выпуску вокнаў і ўваходных груп з ПВХ. На сённяшні дзень аб'ём вытворчасці прадукцыі на новай лініі склаў каля 150 мільёнаў рублёў. Тэмп узяты неблагі. І якасць шклопакетаў адпавядае існуючым патрабаванням: на іх атрыманы сертыфікаты якасці беларускага і расійскага ўзораў.
Увогуле, вокны і дзверы ад полацкага філіяла ВПУП «Элект» карыстаюцца добрым попытам у спажыўца. Зараз калектыў працуе над выкананнем сур'ёзнага заказа: вырабляе і пастаўляе вокны і дзверы ў Оршу, якая рыхтуецца да правядзення «Дажынак». Такім чынам, шматлікія аб'екты гэтага горада будуць глядзець на рэспубліканскае свята праз нашы, полацкія, вокны! Ажыццяўляюцца таксама пастаўкі ў Віцебск, Глыбокае, Верхнядзвінск. Зразумела, выконваюцца і заказы мясцовых суб'ектаў гаспадарання. У іх ліку, напрыклад, УКП «Полацк-гандаль».
Безумоўна, такі давер — вынік добрасумленных адносінаў да працы непасрэдных вытворцаў і прадуманага кіраўніцтва прадпрыемствам. Па распараджэнні дырэктара філіяла Мікалая Петрушэнкі тут своечасова створана служба маркетынгу, якая забяспечвае шляхі збыту прадукцыі. Увогуле, за кароткі тэрмін работы ўчастка ў 2007 годзе было рэалізавана каля 2000 вокнаў. Як адзначае дырэктар, гэта быў толькі пачатак, перыяд станаўлення новай вытворчасці. У планах на 2008 год — наладжванне каналаў пастаўкі вокнаў і ўваходных груп з ПВХ на расійскі рынак.
У мінулым годзе Полацкі філіял ВПУП «Элект» дасягнуў станоўчых вынікаў фінансава-эканамічнай дзейнасці. Напрыклад, выпуск таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 3 млрд. 910 млн.рублёў — 267% да ўзроўню 2006 года. Поспехі прадпрыемства атрымалі высокую адзнаку гарадскога кіраўніцтва. Пацвярджэнне
таму — Дыплом III ступені, якім узнагароджаны філіял па выніках гарадскога спаборніцтва дасягненняў полацкіх суб'ектаў гаспадарання.