Вызначаны пераможцы “Ночы Ваўкалака”
“Да!Бл...”, “Акропаль”, “Danial of Life”, “Восьмыдзень” – менавіта гэтыя гурты былі вызначаны журы і гледачамі як пераможцы ў пяці намінацыях на канцэрце-конкурсе “Ноч Ваўкалака”, які адбыўся 6 красавіка ў полацкім гарадскім палацы культуры.
У час калі ўсё больш і больш беларускіх рок-фэстаў па тых ці іншых прычынах праходзіць па-за межамі краіны, Полацк працягвае радаваць мясцовых гледачоў і гасцей горада. Нагадаю, што да сённяшняга часу тут штогод адбываўся буйны фэст “Рок-Кола”, які паціху прапаноўваў гуртам пераходзіць на беларускую мову. І вось цалкам беларускамоўны канцэрт-конкурс “Ноч Ваўкалака” змог сабраць на сваёй сцэне гурты з розных частак нашай краіны.
7 гуртоў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, гралі ў даволі розных музычных напрамках, што, на мой погляд, вельмі добра. Гэта і фольк-рок ад віцяблян “Восьмыдзень”, прыемны жаночы вакал і элементы арт-рока ад менчукоў з “РоСтры”, сонечнае рэгі ад “Алмазнага фронту” (Віцебск), Death-Metall ад навапалачан “Denial of Life”, Nu-Metall ад “Акропаль” (Смалявічы), Folk-Power ад “Argentum” (Віцебск) і стары добры панк, з украпаннямі гранжу ад “Да!Бл...” (в. Нарач Мядзельскага раёну).
Выбіраць было з чаго, і журы разам з гледачамі зрабілі свой выбар. Спіс пераможцаў выглядае наступным чынам: “Да!Бл...” (в. Нарач Мядзельскага раёну) – Гран-пры “Ночы Ваўкалака” (запіс ў Менску), “Да!Бл...” (в. Нарач Мядзельскага р-ну) – прыз глядацкіх сімпатыяў, “Denial of Life” (Наваполацк) – лепшае шоў, “Акропаль” (Смалявічы) – лепшае гучанне, “Восьмыдзень (Віцебск) – спецыяльны прыз ад наваполацкага сайту "Химик".
На жаль, з-за абмежаванасці па часе хэдлайнеры канцэрту, легендарны гурт “Neuro Dubel” былі вымушаны, амаль напалову скараціць свой выступ, але і гэта не перашкодзіла святу.
Спадзяюся, што “Ноч Ваўкалака” стане гэткай жа адметнай рысай Полацка, як і яго архітэктурныя помнікі, і штогод будзе радаваць аматараў беларускай мовы і якаснай музыкі.