Каля 10 гадзін раніцы 14 траўня ў цэнтры Віцебска – на даху 16-павярховага жылога дома, што знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Чарняхоўскага і вуліцы Генерала Белабародава, – залунаў бел-чырвона-белы сцяг вялікага памеру (1,5х3 метры).
Як распавёў “Народным навінам Віцебска” мясцовы апазіцыянер Барыс Хамайда, на цыдулцы, прымацаванай да сцяга, было напісана: “Беларуская мова жыла, жыве і будзе жыць вечна, як і нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Жыве Беларусь! Мірон”.
Нагадаем, што 13 гадоў таму (14 траўня 1995 г.) адбыўся рэспубліканскі рэферундум, у выніку якога былі адменены беларускія гістарычныя дзяржаўныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, а рускай мове быў нададзены аднолькавы статус з беларускай.
Па словах Б.Хамайды, перш чым вывесіць сцяг, Мірон пад магнітафонны запіс напісаў на даху шматпавярховіка агульнацыянальную дыктоўку па беларускай мове. Старэйшы віцебскі апазіцыянер нагадаў, што праз тры гады пасля рэферэндума, таксама 14 траўня, Мірон падняў нацыянальны штандар над будынкам Віцебскага аблвыканкама. “І вось, роўна праз 10 гадоў паля гэтай падзеі сцяг зноў з’явіўся над адным з самых высокіх у Віцебску будынкаў”, – дадаў Б.Хамайда.