У Віцебску пройдзе канцэрт гурта “Стары Ольса”

У нядзелю, 18 траўня, у дворыку каля гарадской ратушы ў Віцебску пройдзе канцэрт вядомага беларускага гурта “Стары Ольса”. Пачатак а 11-й гадзіне. У канцэрце таксама прыме ўдзел клуб гістарычнай рэканструкцыі “Паўночая вежа”. Выступленне адбудзецца ў Міжнародны дзень музеяў. А ў гэты дзень усе музеі свету працуюць бясплатна. Таму скарыстайце яшчэ магчымасць наведаць пастаянныя экспазіцыі, прадстаўленыя ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (на камерцыйныя выставы ўваход усё ж платны). З Віцебска ў гэты ж дзень “Стары Ольса” паедзе ў Полацк, куды яго запрасілі ў якасці спецыяльнага госця фестываля сярэднявечнай культуры “Рубон”.

Для даўніх прыхільнікаў гурт "Стары Ольса" не патрабуе спецыяльнага прадстаўлення. Але для тых, хто пра гэты калектыў чуе ўпершыню, прадставім. "Стары Ольса" – гурт сярэднявечнай беларускай музыкі, існуе з 1999 года, ягоны стваральнік і кіраўнік – Зміцер Сасноўскі. З 2003 года распачаў працу і танцавальны склад гурта – тэатр "Яварына". Калектыў запісаў 7 альбомаў і адзін музычны праект. Музыка гурта ўвайшла ў 7 зборнікаў выканаўцаў старадаўніх мелодый. Назва гурта паходзіць ад ручая ў заходняй Магілёўшчыне.

У рэпертуары – беларускія народныя балады і ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса, кампазіцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі ("Полацкі сшытак", "Віленскі сшытак"), беларускія канты XVI - пачатку XVII стагоддзяў, а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесанса. Гурт супрацоўнічае з рыцарскімі клубамі, музеямі, даследчыцкімі цэнтрамі, майстрамі старадаўніх інструментаў, з гуртамі старадаўняй музыкі і асобнымі выканаўцамі на старых інструментах.

Музыка гурта дазваляе аднавіць гучанне многіх забытых інструментаў. Для выканання выкарыстоўваюцца максімальна магчымыя копіі (па выгляду, тэхналогіі і сыравіне) даўніх беларускіх інструментаў - дуды (валынкі), ліры, гусляў, свірэлі, варгана, акарыны, сурмы, берасцяной трубы, гудка, барабана.

Меткі:

Чытайце яшчэ