У Полацку ў мінулыя выходныя, 17 і 18 траўня, упершыню адбыўся фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”. Ён адкрыў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1146-й гадавіны ўзгадвання Полацка ў старажытных летапісах. Карэспандэнты “Народных навін Віцебска” ў нядзелю пабывалі на сярэднявечным свяце і прывезлі шмат незабыўных уражанняў. Прапануем іх нашым чытачам.
Пярэсты сярэднявечны лагер быў разбіты ў гістарычнай частцы старажытнага Полацка – на полі ў мікрараёне “Запалоцце” каля ракі Палаты насупраць Замкавай гары, на якой узвышаецца Сафійскі сабор. На самой гары навучэнцы мясцовага ПТВ будаўнікоў зрабілі макет замка – тры чатырохгранныя вежы, акружаныя трыма сценамі, а перад імі частакол.
Тут і павінна была адбыцца кульмінацыя свята – фарсіраванне Палаты і інсцэніроўка штурму замка. Удзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з розных гарадоў Беларусі збіраліся паказаць імітацыю рэальнай гістарычнай падзеі. Коратка ўзгадаем яе: Ягайла прызначыў на княжанне ў Полацку свайго роднага брата Скіргайлу. Палачане не прынялі гэтага князя, вядомага сваімі інтрыгамі, і з ганьбай прагналі прэч. Тады Скіргайла пазваў на дапамогу нямецкіх рыцараў, каб захапіць непакорны горад. У 1386 годзе войскі Тэўтонскага Ордэна атакавалі Полацк, але атрымалі паразу.
Народ, якога сабралася багата, чакаў відовішча. У фестывальнай праграме штурм быў прызначаны на 13 гадзін. Але па невядомым прычынам галоўная імпрэза адцягвалася. Вядучы свята некалькі разоў адлічваў час да пачатку атакі, аб’яўляючы: “Штурм замка – праз восем хвілін... Абаронцы і нападаючыя, падрыхтавацца, штурм замка – праз шэсць хвілін... Праз дзве хвіліны...” Калі “дзве хвіліны” расцягнуліся ў добрых дзесяць, вядучы больш не высоўваўся. Гледачы, якіх міліцыя адагнала за метраў сто ад берага ракі, ужо пачалі жартаваць: “Рыцары напіліся і спяць”, “Воіны збаяліся – а раптам хто на частакол падчас бойкі наляціць – вось і будзе гатовы жмурык”. “Нічога, “хуткая” тут побач”, – суцешыў нехта. Многія заўважылі, што ў гэты час над Замкавай гарой, як прадвеснік бяды, кружыў чорны воран. Ягоны далёкі продак, напэўна, быў сведкам рэальнай бітвы шэсць стагоддзяў таму... Нарэшце, у 13.40. рыцары былі гатовы.
Раздаліся пушачныя залпы, у бок замка паляцелі стрэлы. Над полем раздаўся баявы кліч палачан: “Рубон!” Аднаму нямецкаму рыцару літаральна праз хвіліну ўдалося прарваць абарону. А можа, яго наўмысна прапусцілі. Некаторы час ён стаяў і не ведаў, што рабіць далей. З замка яго падбадзёрвалі: “Хадзі да нас! Мы цябе чаем пачастуем!”. Тэўтон марудна палез угару (туды нават з фотаапаратам узбірацца няпроста, а не тое што ў цяжкіх даспехах). Вельмі хутка абарону раздавілі, але палачане не здаваліся ўнутры замка. Хвілін праз пяць там нешта загарэлася, але абаронцы хутка патушылі пажар. Яны кідалі ў “ворагаў” запаленым сенам, невялікімі бярвеннямі, а на тых, хто лез у замак па лесвіцах, лілі ваду з бочак. Аднак пад націскам нямецкіх рыцараў вароты ў замак вымушаны былі адчыніць. І ўсё ж перамога засталася за слаўнымі абаронцамі горада – на дапамогу ім своечасова прыйшло засаднае войска.
Досыць каларытнай персонай у імправізаваным сярэднявечным горадзе быў кат. Людзі з задавальненнем фатаграфаваліся з ім. Прычым мужчыны ў асноўным выбіралі “смерць” праз адрубанне галавы сякерай. А дзяўчатам больш падабалася здымацца ў абдымку з катам, які ў гэты час імітаваў павешанне. Пры гэтым і ахвяры, і кат дасылалі ў аб’ектыў найшчаслівейшыя ўсмешкі! Асабліва смешна было, калі кат даставаў з кішэні мабільнік і з кімсьці размаўляў у перапынках паміж смяротнымі карамі.
А вось выстава рамеснікаў на гэтым фестывалі нас, шчыра кажучы, не ўразіла. Пасля “Горада майстроў” на “Славянскім базары” ўсё тут выглядала вельмі бедна.
Дрэнную паслугу святу зрабіў моцны дождж. Неўзабаве яшчэ і град сыпануў. Люду на полі значна паменела. На канцэрт вядомага гурта “Стары Ольса”, які быў запрошаны на фестываль у якасці спецыяльнага госця, мы ўжо, на жаль, не засталіся: неўзабаве трэба было ад’язджаць дадому. Суцяшаліся тым, што раней ўжо неаднаразова былі на выступленнях гэтага гурта.
ПОЛАЦК ВАЧЫМА ВІЦЕБСКІХ ЛЮДЗЕЙ
Раней у Полацку нам даводзілася бываць праездам. І таму мы хадзілі па горадзе з шырока раскрытымі вачыма, як запраўскія турысты. Нас здзіўляла тут практычна ўсё, што траплялася на шляху. Мы ганарымся сваім Віцебскам, нават вельмі. Але пасля Віцебска, дзе важнецкім дасягненнем у галіне захавання культурнай спадчыны мясцовыя ўлады лічаць узвядзенне летась побач з Летнім амфітэатрам недарэчнага будынка пад назвай “Духаўскі круглік”, які звязваюць з іменем князя Альгерда, – полацкія храмы і помнікі ўразілі настолькі, што пра гэта можна ўзгадваць доўга.
Як ні палюбіць горад, у цэнтры якога што ні дом – дык гістарычная каштоўнасць! Перад будынкам гарвыканкама няма ўсюдыіснага Леніна, як амаль ва ўсіх беларускіх гарадах і мястэчках. На галоўнай плошчы ўсіх бласлаўляе крыжам святая Еўфрасіння Полацкая. Вельмі спадабалася, што шыльды з назвамі вуліц тут не толькі па-беларуску, а яшчэ і ўпрыгожаныя гербам Полацка.
Некаторыя карцінкі запомніліся сваёй мілай наіўнасцю. Напрыклад, крама, дзе прадаюцца дываны, мае назву “Франциск”. Тут, канешне, палачане адназначна перайгралі!
Такая з’ява, як “замочкі кахання”, што вешаюць маладажоны, нядаўна прыйшла і сюды. Своеасаблівую клятву ў вечным каханні мы ўбачылі на мосце праз Палату. А на железных парэнчах іншага маста, таксама праз гэту раку, змешчаны цэлы летапіс пачуццяў мясцовых закаханых. Побач з банальнымі надпісамі накшталт “Костя + Лена” ёсць і незвычайны – “Люблю крышесносно!” “Крышесносно” – у гэтым штосьці ёсць. Самы сапраўдны неалагізм.
Не спадабалася, бадай, толькі тое, што помнік князю Усяславу Чарадзею знаходзіцца якраз насупраць піўнога бара. А размяшчаецца зашмальцаваная піўнушка на вуліцы Еўфрасінні Полацкай. (Мы зайшлі сюды, каб перачакаць дождж, бо кавярня “Отдых”, якая трапілася нам на шляху раней, была на спецабслугоўванні.) На ўваходных дзвярах піўнушкі вісіць абрывак налепкі з выявай “Пагоні”. Тут жа – графічная спрэчка футбольных фанаў. Спачатку нехта напісаў на дзвярах “Ф.К. Полоцк”. Іншы, больш абазнаны чалавек, закрэсліў гэты клуб і напісаў “F.C. Naftan”. Падобна, збіраюцца ў бары “чыста крутыя пацаны”. Некаторыя са сваімі барышнямі. У дам рубенсаўскія формы. На гэты кантынгент непаразумела паглядае з-за шкла вітрыны засушаная сумная шчука... Афіцыянтка не паспявае наліваць наведвальнікам піва. Каву давялося чакаць – дзяўчына сказала, што трэба паставіць кіпяціць гарбатнік. Бачна, каву і гарбату тут просяць рэдка.
Дарэчы, надпіс на мячы Чарадзея змяшчае прозвішчы трох скульптараў, якія з’яўляюцца аўтарамі помніка. Дык вось іхнія імёны на княжаскай зброі напісаны чамусьці па-руску...
З Усяславам Брачыслававічам звязана яшчэ адно полацкае ўражанне. Я ўсё даводзіла свайму калегу, якія патрыёты жывуць Полацку. У гэты час мы шукалі, як хутчэй прайсці да помніка славутаму князю. Спыталі ў адной жанчыны сталых гадоў, як туды трапіць. Яна нам падрабязна патлумачыла дарогу, а пасля дадала: “Вот там и стоит эта лошадь”. Мы крыху адыйшлі, і мой сябар кажа: “Вось табе і патрыёты...”
Між іншым, мы зразумелі, чаму мясцовая футбольная каманда мае досыць высокі рэйтынг (няхай не крыўдзяцца на нас фанаты “Віцебска”, які зараз перажывае проста фантастычны ўзлёт у сваёй гісторыі). З дзесятак падлеткаў апантана ганялі мяч, не звяртаючы ўвагі на дождж, на стадыёне, які быў спрэс у лужынах. Пырскі вады і мокрай зямлі ляцелі ўва ўсе бакі – гэткі ў іх быў спартовы азарт! Вось з такіх мальцаў, напэўна, і вырастаюць футбольныя зоркі.
***
У Полацк мы закахаліся! Наступны раз прыедзем глядзець мясцовыя музеі. Цяпер я веру ўсім, хто кажа, што ў гэты незвычайны горад хочацца прыязджаць яшчэ і яшчэ. У “калысцы беларускай дзяржаўнасці” і па сёння адчуваецца дух Скарыны. Тут жыве душа святой апякункі і асветніцы беларускага народу Еўфрасінні Полацкай. Яна, асвячэнне любай нашай Беларусі, прамень праваслаўнай веры, пашыральніца дабра, праўды, красы й згоды ў краіне нашай, моліцца за нас...