Бялграду не пашанцавала – туды адправілі Аляхно. Пашчасціла Віцебску – да нас прыехаў “Палац”!

У Віцебску ў Летнім амфітэатры 26 траўня адбыўся сумесны канцэрт вядучых айчынных фольк-калектываў – этна-трыё “Троіца”, гуртоў “Палац” і “Osimira”. Лідэры беларускай этнамузыкі ўпершыню выступілі разам на адной сцэне, ды яшчэ на буйнейшай канцэртнай пляцоўцы ў Еўропе.
World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Канцэрт стаў пачаткам маштабнага праекта “World Music Tree” (“Сусветнае музычнае дрэва”), які ладзіць дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры “Віцебск”. Гэта было сапраўды шыкоўнае і унікальнае відовішча: больш за тры гадзіны ў амфітэатры, куды пераважна запрашаюць поп-зорак, гучаў беларускі аўтэнтычны фальклор, грэлі сэрца ліра, дудка, цымбалы, жалейка і іншыя інструменты нашых продкаў, лашчыла вуха нашая мова. Моладзь танчыла пад фольк – гэта трэба было бачыць!

Гурт «Троіца» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Свяшчэннадзейнічаць на сцэне пачало этна-трыё “Троіца”. Вітаючы слухачоў, лідэр калектыву Іван Кірчук сказаў: “Мы ўпершыню за дзевяць год свайго існавання даем канцэрт у Віцебску. Нарэшце вы нас запрасілі – і мы з задавальненнем прыехалі”. “Троіцу” называюць самым загадкавым і містычным гуртом у Беларусі. Магічнае ўдзеянне этна-трыё на слухача апісанню не паддаецца. Несумненна, што музыкі атрымалі свой талент звыш: так данесці да кожнага глыбокі псіхалагізм і драматызм старадаўняй беларускай песні могуць толькі яны.

Гурт «Троіца» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Напрыклад, стараўнюю вясельную песню “Плыве шчука, плыве рыба” І.Кірчук, адзін з буйнейшых сучасных збіральнікаў фальклору, запісаў у Любаньскім раёне ў старой вясковай жанчыны. Яна спявала музыканту з 10 гадзін раніцы да гадзіны ночы! А пасля сціпла сказала: “Гэта не мае песні, гэта песні маёй маці”. “А ці памятаем мы хоць адну песню сваёй маці?” – любіць пытацца на канцэртах “дзядзя Ваня”. На жаль, не...

Гурт «Троіца» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Фольк-каманда прадставіла як свае ранейшыя песні з альбому “Сем”, так і кампазіцыі з новага альбому “Сон-трава”, які тыдзень таму быў прэзентаваны ў Мінску. Гэта чацвёрты альбом у гісторыі калектыва, якога прыхільнікі чакалі чатыры гады. І.Кірчук парадаваў віцебскую публіку яшчэ адной навінай: сёлета ў верасні “Троіца” плануе выпусціць чарговы альбом, на гэты раз з жорстка рокавым гукам.

Гурт «Троіца» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Гурт «Троіца» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Гурт «Троіца» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Відавочна, музыкам спадабаўся цёплы прыём у нашым горадзе – публіка не хацела адпускаць “Троіцу” і апладзіравала стоячы, асабліва ўпадабаўшы жартоўную кампазіцыю “Ой, дайце мне, дайце сем чарак гарэлкі”. “Ну вось, старадаўняя беларуская песня жыве і гучыць – нават і ў Віцебску”, – з іроніяй, але ўсцешана прамовіў спявак.

World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

На развітанне І.Кірчук прадставіў сваіх музыкантаў – гітарыста Юрыя Дзмітрыева і бубнача Юрыя Паўлоўскага. Не забыўся таксама пра кіроўцу Васіля Кавалёва, які ўжо шмат гадоў возіць каманду па свеце, у тым ліку і ў фальклорныя экспедыцыі, адкуль “дзядзя Ваня” прывёз кіламетры стужкі з запісамі песень нашых продкаў.

Гурт «Палац» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Затым на сцэну выйшаў “Палац” – легенда беларускай этнамузыкі. Лідэр гурта Алег Хаменка распачаў сустрэчу з віцябчанамі з жарту, які выклікаў апладысменты: “Ну што я вам хачу сказаць... Аляхно прайграў – ну не пашанцавала чалавеку... А нам вось пашанцавала. Сёння добрае надвор’е, і мы спяваем у Віцебску”.

Гурт «Палац» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Як вядома, “Палац” быў сярод 15-ці паўфіналістаў праекта “ЕўраФэст” – нацыянальнага адборачнага тура конкурса “Еўрабачанне-2008”. Здавалася, што арганізатары праекта, нарэшце, возьмуцца за розум і аддаць перавагу беларускамоўнаму гурту – такія ж моцныя і таленавітыя выканаўцы з’яўляюцца на “ЕўраФэсце” гады ў рады. Ды дзе там! Хацелася плакаць, калі стала вядома, што ў Бялград паедзе Аляхно. У выніку арганізатары паплаціліся за сваю памылку: Руслан заняў у паўфінале 17-е месца сярод 19 удзельнікаў. Не дапамаглі яму ні шары на сцэне, ні грэчаскія танцоўшчыцы, ні тона зефіру і шакаладных цукерак, ні майкі і трусы з надпісам “Ruslan Alehno”. А ў “Палаца” былі ўсе магчымасці зрабіць еўрахіт па-беларуску. Глядзіш, у наступным годзе не масквічы ехалі б на “Еўрабачанне” на метро, а мінчане.

Гурт «Палац» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Крыўда, напэўна, не пакідае і А.Хаменку, бо на віцебскім канцэрце ён дазволіў сабе досыць жорсткае выказванне, не называючы, канешне, ніякіх канкрэтных імён: “Я хачу сказаць пра сучасных спевакоў. І музыку ім напішуць, і словы напішуць, і парыкмахеры іх прычэшуць, а выйдуць на сцэну – і праспяваць не могуць пад фанаграму”.

Гурт «Палац» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Але хопіць аб сумным... Апошні раз “Палац” выступаў у Летнім амфітэатры ў 2001 годзе. “Тады мы спявалі пад фанаграму – бо так трэба было, – прызнаўся А.Хаменка. – А сёння выступаем ужывую – бо так павінна быць”. Зал завёўся літаральна з першай кампазіцыі “Палаца”. Слухачоў на канцэрце было не дужа багата – людзі сядзелі толькі ў другім і трэцім сектарах. Таму свабодны чацвёрты сектар вельмі хутка пераўтварыўся ў дыскатэку. Моладзь танчыла і атрывалася напоўніцу! Хаменка нават зняў перад чацвёртым сектарам свой капялюш.

Гурт «Палац» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Дарэчы, “Палац” выканаў для віцебскіх слухачоў песню “Кола Млына” – тую, якую праігнаравала журы “ЕўраФэста”. У перапынку паміж песнямі А.Хаменка зрабіў камплімент віцебскім прыгожым дзяўчатам і прызнаўся: “Я сабе таксама жонку віцебскую ўзяў. Праўда, з вобласці – з Шумілінскага раёна, але ўсё адно”.

Гурт «Палац» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Зусім хутка, як паведамляе афіцыйны сайт “Палаца”, гурт выступіць з сольным канцэртам у Беластоку. Дарэчы, героі аднаго з самых яркіх фільмаў Эміра Кустурыцы “Чорная котка, белы кот” будуць размаўляць галасамі Алега Хаменкі і Аляксандра Кульлінковіча – ужо сканчаецца праца над беларускім агучаннем гэтай стужкі балканскага рэжысёра.

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

На развітанне выступіў малады, але вельмі таленавіты гурт “Osimira” – “духоўныя дзеці” двух папярэдніх калектываў. І калі “Троіца” заварожвала, пад “Палац” ледзь не ўсе кінуліся ў скокі, то “Osimira” проста хацелася слухаць. Асабліва іхнія дзівосныя скрыпкі. І ўпітаць ў сябе гэту неперадавальную атмасферу яскравага паганскага свята. Хаця моладзь працягвала танчыць, а пасля нават вадзіла па чацвёртым сектары карагод!

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Гурт “Osimira” быў створаны ў 2002 годзе. Іх першы канцэрт адбыўся ў Магілёве. За шэсць гадоў калектыў стаў вядомым у многіх краінах свету – Расіі, Польшчы, Венгрыі, Эстоніі, Латвіі і іншых. Каманда даўно ўпадабала наш Віцебск – яна пастаянна прыязджае на “Славянскі базар”. Па словах лідэра гурта Андрэя Палаўчэні, менавіта ў Віцебску, дзе музыкантам падчас выступленняў “прыносяць квас, піва, блінкі”, яны адчуваюць сапраўдную “еднасць і роднасць з людзьмі”.

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Такім чынам, напрыканцы вясны ў Віцебску пасадзілі цудоўнае “Сусветнае музычнае дрэва”. Няхай яно расце і ўкараняецца! Усцешвае, што арганізатары праекта пачалі прадстаўленне культавых этнафармацый менавіта з беларускіх музыкаў.

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Гурт «OSIMIRA» на World Music Tree у Віцебску. Фота Сержука Серабро

***
Асобны дзякуй хочацца выказаць аўтару праекта “World Music Tree” і прадзюсеру “Osimira” Алегу Ціханаву.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ