У Оршы 2-3 чэрвеня будуць знаходзіцца мошчы князя Аляксандра Неўскага

У Оршы ў Свята-Міхайлаўскім саборы 2 і 3 чэрвеня будзе знаходзіцца каўчэг з мошчамі святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. У каўчэгу са шкляным верхам знаходзіцца фрагмент плечавой косткі святога. Гэтая частка – дар Санкт-Пецярбургскай царквы маскоўскаму Храму Хрыста Збаўцы.

Да мошчаў Аляксандра Неўскага людзі ідуць са сваімі жыццёвымі праблемамі, таксама святы дапамагае вайскоўцам і кіраўнікам, якія звяртаюцца да яго з малітвамі. Распавядаюць, што прыкладанне да мошчаў і малітва вылечваюць ад хвароб.

З 29 і 30 траўня мошчы знаходзяцца ў Мінску, затым іх павязуць у Бабруйск, Гомель, а пасля ў Оршу. У сталіцы самалёт, на якім прыбыў з Расіі каўчэг з мошчамі, сустракала вышэйшае праваслаўнае духавенства.

Аршанцы і госці горада змогуць пакланіцца святыні ў Свята-Міхайлаўскім саборы (вуліца Савецкая, 4) з 16 гадзін 2 чэрвеня да 12 гадзін 3 чэрвеня.

Князя Аляксандра Неўскага сталі лічыць святым адразу пасля ягонай смерці. З Беларуссю яго звязвае тое, што ў 1239 годзе князь узяў шлюб з дачкой полацкага князя Брачыслава Аляксандрай.

Чытайце яшчэ