Віцебскія гімназісты на памяць аб “Міхайлаўскім” прывезлі падарунак
Як раней паведамлялі “ННВ”, вучні і педагогі гімназіі №3 Віцебска прынялі ўздзел у XLII Усерасійскім Пушкінскім свяце паэзіі, прысвечаным 209-й гадавіне з дня нараджэння геніяльнага літаратара, які прайшоў 6 чэрвеня ў Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеі-запаведніку А.С.Пушкіна “Міхайлаўскае” ў Пскоўскай вобласці.
Яны пабывалі ў доме Пушкіна, усклалі кветкі да магілы паэта ў Святагорскім манастыры. А вечарам адкрылі мастацкую выставу “Пушкін і мы” і прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Вялікасвецкі салон Зінаіды Валконскай”. Праграма, якую прывезлі віцебскія школьнікі, уразіла гасцей літаратурнага свята, паведамляе “Псковская лента новостей”.
На Пушкінскім свяце школьнікі адзначылі першы дзень нараджэння сваёй гімназіі – год таму 6 чэрвеня гэтай навучальнай установе было нададзена імя Пушкіна. У гімназіі №3 вучні праходзяць не толькі праграму агульнаадукацыйнай школы, але атрымліваюць яшчэ музычную, мастацкую і харэаграфічную адукацыю.
На памяць пра “Міхайлаўскае” віцябчане прывезлі з сабой падарунак – кнігі для гімназічнай бібліятэкі, выдадзеныя ў Пушкінскім музеі-запаведніку.