Замест І Быкаўскіх чытанняў у Віцебску пройдзе вечарына памяці пісьменніка
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа 19 чэрвеня пройдзе вечарына памяці знакамітага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. На малой сцэне тэатра прагучаць даклады аб жыцці і творчасці літаратара, будуць прадстаўлены фрагменты са спектакляў па ягоных творах. Арганізатарам вечарыны, прысвечанай 84-й гадавіне з дня нараджэння пісьменніка, выступіў віцебскі паэт Давід Сімановіч.
“Увогуле гэту імпрэзу я першапачаткова задумаў больш маштабна – як першыя Быкаўскія чытанні. Планавалася, што яны пройдуць у Віцебскай абласной бібліятэцы. Але потым, на вялікі жаль, з гэтай ідэі нічога не атрымалася – у горадзе знайшліся сілы, якія перашкодзілі маёй задуме. Але я ўсё адно вырашыў ушанаваць памяць нашага земляка і правесці мерапрыемства, няхай больш сціплае, у драмтэатры, дзе мне пайшлі насустрач. Праўда, і там атрымаліся некаторыя несастыкоўкі: напрыклад, не будзе паказаны фрагмент са спектакля “Стрэл у тумане”, бо рэжысёра гэтай пастаноўкі Міхася Краснабаева зараз няма ў Віцебску. Зараз ідзе падрыхтоўка да вечарыны. Але я да гэтага моманту не ўпэўнены, што яна адбудзецца: раптам зноў хто-небудзь умяшаецца і забароніць гэта мерапрыемтва”, – распавёў “Народным навінам Віцебска” Давід Сімановіч.
Плануецца, што на вечарыне, апроч самога арганізатара, выступяць загадчыца літаратурнай часткі коласаўскага тэатра Святлана Дашкевіч, загадчыца Віцебскага Літаратурнага музея Святлана Казлова, супрацоўнікі абласной бібліятэкі, а таксама студэнты Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава. Да прыкладу, С.Казлова зачытае лісты Васіля Быкава да родных і блізкіх, якія захоўваюцца ў Літаратурным музеі.
Даведка: Давід Сімановіч – вядомы культурны і грамадскі дзеяч, аўтар 25 кніг паэзіі і прозы. Дзве апошнія – гэта дзённікавыя запісы “Витебский вокзал, или Вечерние прогулки через годы” (2006 г.) і выбраная лірыка “Радость молнии” (2007 г.). З’яўляецца намеснікам старшыні Рады творчай інтэлігенцыі Віцебска, лаўрэат гарадской прэміі “Сузор’е муз”, заснавальнік літаратурных святаў, старшыня Шагалаўскага камітэта, лаўрэат Шагалаўскай прэміі, старшыня Пушкінскага камітэта, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, арганізатар і кіраўнік Дзён літаратуры, прысвечаных У. Караткевічу, арганізатар Віцебскага дня Уладзіміра Маякоўскага. Акрамя таго, Д.Сімановіч на працягу 25 гадоў праводзіць адкрытыя ўрокі паэзіі ў гарадскіх школах.