Фотарэпартаж з вечарыны ў гонар Васіля Быкава ў Віцебску
На малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ўчора прайшла вечарына, прысвечаная памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У “сумлення беларускага народа” і “апостала нацыі” – так называлі вядомага ва ўсім свеце літаратара яшчэ пры жыцці – дзве даты ў першым месяцы лета стаяць побач: дзень нараджэння, 19 чэрвеня 1924 года, і 22 чэрвеня, дзень, калі ён пайшоў ад нас у 2003 годзе.
22-га ж чэрвеня, як усе ведаюць, пачалася вайна, якой ён прысвяціў амаль усе свае творы. Аднак ушанаваць памяць нашага земляка, ураджэнца вёскі Бычкі Ушацкага раёна, творчая інтэлігенцыя Віцебска вырашыла не ў сумную дату, а ў дзень 84-х угодкаў з дня нараджэння. Вечар атрымаўся задумёна-светлым. Але ён не быў журботным: не пакідала ўражанне, што Быкаў жывы. У мяне ўжо даўно не было такога цудоўнага настрою. Як жа радавалася душа – вакол столькі людзей, якія размаўляюць па-беларуску! Здавалася, што мы перамясціліся ў часе, што мы – у той Беларусі, аб якой столькі пісаў і марыў герой вечарыны...
Адкрыў імпрэзу маленькі цёзка знакамітага пісьменніка – другакласнік віцебскай гімназіі №1 Васіль Белязека, які ў свой час сыграў на коласаўскай сцэне ролю Рыгоркі Сушчэні ў спектаклі “Стрэл у тумане” па творы Быкава. Хлопчык, трымаючы ў руках букет васількоў, пранікнёна і шчыра, як умеюць толькі дзеці, прачытаў верш, прысвечаны літаратару. Затым у выкананні загадчыцы літаратурнай часткі драмтэатра Святланы Дашкевіч прагучаў верш Чынгіза Айтматава, якога таксама нядаўна не стала. Гэты паэт пісаў, што дзень жыцця такіх велічных асоб, як Быкаў, “быў роўны веку жыцця”.
Выступ вядомага паэта, культурнага і грамадскага дзеяча, заснавальніка многіх літаратурных святаў, намесніка старшыні Рады творчай інтэлігенцыі Віцебска Давіда Сімановіча распачаўся з таго, што ён зачытаў рашэнне Віцебскага аблвыканкама за сакавік 2004 года. Згодна з ім, чыноўнікі збіраліся ўсталяваць памятную дошку беларускаму класіку яшчэ чатыры гады таму, гэтаксама як і правесці канферэнцыю, прысвечаную творчасці В.Быкава. “Пакуль што адзіны пункт, які выканалі з гэтага рашэння, – дык гэта аднавілі сядзібу пісьменніка на ягонай радзіме, у вёсцы Бычкі, і надалі ягонае імя бібліятэцы ў вёсцы Кублічы. Я нават спецыяльна праверыў: сапраўды, Кубліцкая бібліятэка носіць імя Быкава”, – распавёў Д.Сімановіч.
Пасля паэт, які, дарэчы, і стаў ініцыятарам мерапрыемтва ў драмтэатры, зачытаў прывітальную тэлеграму ўдзельнікам вечарыны ад жонкі пісьменніка Ірыны Быкавай.
Студэнтка 4 курса Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава Алена Кавалёва выступіла з дакладам “Праблема выбару ў творах В.Быкава”.
Шмат новага прысутныя даведаліся з даклада загадчыцы віцебскага Літаратурнага музея Святланы Казловай “Лісты В.Быкава да родных”. У фондах абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца 11 лістоў будучага пісьменніка да сваякоў, адпраўленых з месцаў баявых дзеянняў у Румыніі, Аўстрыі, Венгрыі, Балгарыі і інш. Датаваны яны 1944-1947 гадамі, а знойдзены былі на гарышчы ў старым доме ў Бычках. На захаванне ў музей іх перадала сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна.
“Гэтыя найкаштоўнейшыя рарытэты яшчэ пры жыцці Быкава экспанаваліся ў Віцебску з ягонага дазволу. Усе лісты напісаны на рускай мове: будучы пісьменнік быў тады далёкі ад літаратурнага працэсу, ад чытання публіцыстыкі ў газетах. Але ў іх можна ўбачыць мудрасць 20-гадовага аўтара, у іх – праўда аб вайне. Васіль Быкаў ужо тады цягнуўся да свайго любімага занятку – творчасці”, – адзначыла С.Казлова. Некаторыя з лістоў напісаныя чарніламі, іншыя – алоўкам, а адзін асабліва каштоўны тым, што ў ім змешчаны малюнак.
“...Наша земля Белоруссия – она лучше многих, где я побывал…», – прызнаўся сваім родным малады Быкаў у адной з франтавых вестачак. У апошнім лісце, адпраўленым з Далёкага Усходу, напісаў: “...Японские берега видны простым глазом...”
Д.Сімановіч агучыў адказы Быкава на пытанні моладзі падчас сустрэчы ў 1976 годзе. Гэтую гутарку Д.Сімановіч тады запісаў, а нядаўна знайшоў у сваім архіве. Па ягоных словах, тэкст гутаркі, таксама на рускай мове, раней нідзе не друкаваўся. Напрыклад, на пытанне, ці пісаў Быкаў калі-небудзь вершы, пісьменнік адказаў, што яму было позна спрабаваць сябе ў паэзіі, але ён пісаў вершы ў школе, як, напэўна, усе ў гэтым узросце. На пытанне, колькі гадзін у суткі ён працуе, Быкаў сказаў, што ў яго няма ніякай тайнай тэхналогіі, і піша ён тады, калі ёсць пра што пісаць. А калі няма, пажартаваў літаратар, то тады можна проста маляваць чорцікаў, як гэта рабіў Пушкін. Пісьменнік таксама лічыў, што чым меней перапынкаў у працы, тым лепей, а даражэй за ўсё яму былі творы, якія ён яшчэ не напісаў.
Шчырыя апладысменты выклікаў вельмі яркі выступ (прычым абсалютна нязмушаны без усялякіх паперак) загадчыцы аддзела беларускай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі Ірыны Фёдаравай. Яна назвала яго “Роздумамі бібліятэкара”. Да прыкладу, у гэтых публічных развагах было такое нечаканае прызнанне: “Кнігі Быкава – гэта падручнікі сумлення. Кожны адчувае і чытае іх па-свойму. Але вельмі многа хто, нават з маіх калег, не трымаў гэтых кніг у руках”. І.Фёдарава адзначыла, што на кнігах Быкава можна вучыцца сціпласці, адказнасці, праўдзівасці, трываласці, “працавістасці ад крывічоў”, беларускасці. Напрыканцы яна выказала спадзеў, што настане той час, “калі простыя бібліятэкары не будуць саромецца размаўляць на роднай мове”. Апладысменты не смаўкалі доўга...
Затым прагучалі маналогі са спектакляў “Круглянскі мост” і “Пакахай мяне, салдацік!” з аднайменных твораў Быкава ў выкананні артыстаў-коласаўцаў Віктара Дашкевіча і Таццяны Ліхачовай. Сваімі ўспамінамі пра пісьменніка падзяліўся мастацкі кіраўнік драмтэатра Віталь Баркоўскі, які ў свой час паставіў у расійскім Краснаярску спектакль па быкаўскай аповесці “Сотнікаў”. Ён узгадаў, што Быкаў да пэўнага часу не насіў гальштук, бо не хацеў быць падобным на чыноўнікаў. На думку В.Баркоўскага, “Быкаў – гэта Сотнікаў, і ён усё жыццё вельмі імкнуўся, каб не быць Рыбаком”.
Гледачы былі ў захапленні ад 30-хвіліннага спектакля “Пайсці і не вярнуцца” па аднайменнай аповесці Быкава ў выкананні драматычнага калектыва “Тэст” віцебскай СШ №4. Кіруе ім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Мароз. Самадзейным артыстам апладзіравалі нават болей, чым прафесійным артыстам-коласаўцам. Выглядала так, што гэтыя хлопец і чацвёра дзяўчат займаюцца не ў школьным тэатры, а, як мінімум, вучацца ў сталічнай акадэміі мастацтваў. Настолькі выдатнае ўменне перадаць характар герояў і глыбіню твора – ну проста слоў няма, якія малайцы! Дарэчы, “Тэст” заняў сёлета першае месца ў гарадскім фестывалі “Школьны тэатр-12”.
І крыху аб сумным. Г.Мароз, якая перадала сваім вучням не толькі цудоўнае беларускае вымаўленне, але і сапраўдную любоў да роднай мовы і літаратуры, са шкадаваннем адзначыла: “На вялікі жаль, са школьнай праграмы зняты твор Быкава “Аблава”. А яго з вялікім задавальненнем чыталі дзеці”.
У фае драмтэатра была таксама арганізавана выстава фотаздымкаў і кніг В.Быкава.