“Сонейка і снежныя чалавечкі”. Прэм’ера ў тэатры “Лялька”
У Беларускім тэатры “Лялька” 3 ліпеня адбылася прэм’ера спектакля “Сонейка і снежныя чалавечкі” па казке А. Весялова. Спектакль паставіў украінскі рэжысёр Сяргей Брыжань, запрошаны з лялечнага тэатра г. Хмяльніцкага.
Гісторыя пра двух маленькіх снегавікоў, прызначаная для дзяцей з 4 гадоў, расказана вельмі даступна і наглядна. Снегавікі ідуць шукаць сонейка, каб папрасіць яго не прыходзіць. Па дарозе яны сустракаюць розных лясных звярушак, якія замярзаюць у заснежаным лесе, дапамагаюць ім. Снегавікі спачуваюць лясным сябрам, і гэта пачуццё перамагае ў іх страх растаяць: яны клічуць сонца хутчэй сагрэць зямлю, каб не загінулі жывёлы і дрэвы. Сонца паслухалася і выйшла, а снегавікі растаялі... Халоднае можа нясці цяпло, – гаворыць рэжысёр вуснамі сваіх герояў.
Як расказаў Сяргей Брыжань, у спектакле ўсяго ў меру – і музыкі, і вершаў, і песен. “Лялечны рэжысёр павінен умець прыгатаваць для дзяцей смачную і здаровую ежу”, – лічыць аўтар спектакля. Калі судзіць па рэакцыі першых гледачоў, такая “ежа” атрымалася. Хлопчыкі і дзяўчынкі, перажыўшы сумную і светлую гісторыю добрых персанажаў, магчыма, адкрылі ў сябе нейкія добрыя бакі, зразумелі жаданне ахвяроўваць сабой дзеля іншых.
У спектакле заняты акцёры Алесь Маханькоў, Вольга Корзун, Ніна Шабанава і іншыя. Лялькі і дэкарацыі вырабілі мастакі Ганна і Алесь Сідаравы. Вялікі глядач убачыць спектакль у новым тэатральным сезоне.