Нішто не забытае, ніхто не забыты
Легендарны Мірон у ноч з 25 на 26 ліпеня ў гонар Уладзіміра Плешчанкі замацаваў бел-чырвона-белы сцяг на высакавольтнай лініі электраперадачы па вуліцы Церашковай у Віцебску.
Як паведамілі Барысу Хамайдзе вартыя даверу крыніцы, да сцяга была прымацаваная наступная цыдулка: “У гонар 60-годдзя Уладзіміра Плешчанкі. Мы помнім цябе, сябра. Слава ўсім, хто аддаў сваё жыццё за нашу Маці-Радзіму! Мірон”. Вядомы палітычны дзеяч Віцебшчыны Уладзімір Плешчанка нарадзіўся 26 ліпеня 1948 г.
Мірон не першы раз для сваіх акцый абірае вуліцу імя Валянціны Церашковай, бо менавіта на ёй жыў спадар Плешчанка. У траўні 2007 году на гэтыя ж высакавольтныя драты быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг з жалобнай стужкай — так Мірон адзначыў гадавіну смерці змагара, а роўна год назад ён проста перайменаваў вуліцу ў гонар Уладзіміра Плешчанкі, замацаваўшы на дамах адмысловыя шыльды.