У Полацку адбылося адкрыццё выставы акварэлі Уладзіміра Серабракова

Выстава вядомага расійскага мастака Уладзіміра Серабракова сабрала ў Полацкай мастацкай галерэі мясцовых мастакоў і шматлікіх прыхільнікаў жывапіснага мастацтва.

Вітаючы аўтара, дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Яўген Глазырын павіншаваў прысутных з чарговай падзеяй у культурным жыцці горада, адзначыўшы, што Уладзімір Серабракоў.не толькі стварае цудоўныя палотны, але і з'яўляецца каардынатарам сумесных беларуска-расейскіх праектаў у галіне мастацтва.

У сваю чаргу мастак падзякаваў за магчымасць наладзіць выставу ў выдатнай галерэі. Уладзімір Серабракоў падзяліўся сваімі планамі, сярод якіх — новы творчы праект беларускіх і санкт-пецярбургскіх акварэлістаў пад назвай «Віцебскі вакзал».

«У нас многа агульнага. Дарэчы, цягнікі ў беларускім накірунку адпраўляюцца з Віцебскага вакзала. I мы падумалі: чаму б не зрабіць яго і адпраўной кропкай для сумеснай творчасці? Так і нарадзілася ідэя, якую падтрымілі абодва бакі», — растлумачыў ён. І, дэманструючы прызнанне за падтрымку сумесных праектаў, Уладзімір Серабракоў уручыў імянны юбілейны медаль Расійскага таварыства акварэлістаў загадчыцы Мастацкай галерэі Ларысе Лысенка.

Начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Віктар Ушак, вітаючы мастака, заўважыў, што Галерэі вельмі пашанцавала: яна ўпітвае таленавітую энергетыку многіх творцаў і шчодра дорыць яе ўсім, хто наведвае выставы. І падзякаваў супрацоўнікам за творчую, высокапрафесійную працу, дзякуючы якой вядомыя мастакі з вялікім жаданнем прыязджаюць у Полацк з выставамі.

Мастаку дарылі рамонкі, простыя сціплыя кветкі, якія ён так любіць маляваць. У знак прызнання, павагі, удзячнасці. 3 пажаданнямі творчасці і натхнення.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ