Т.Севярынец забаранілі друкаваць улёткі на тарашкевіцы, а Я.Берніковіч адмовіўся ад выступаў у СМІ
Віцебская-Горкаўская акруговая выбарчая камісія не дазволіла кандыдату ў дэпутаты ад
Аб’яднаных дэмакратычных сіл Таццяне Севярынец друкаваць улёткі, напісаная на тарашкевіцы.
Як распавяла Таццяна Севярынец “Радыё Рацыі”, напярэдадні ёй патэлефанавалі з акруговай камісіі і выказалі прэтэнзіі, што яе агітацыйная ўлётка напісана на «нейкай незразумелай мове».
У выніку бакі дамовіліся, што ўлётка будзе надрукаваная на «наркамаўцы». Але азнаёміўшыся з тэкстам улёткі, у якой кандыдатка ўзнімае вострыя праблемы беларускага грамадства, сябры камісіі напалохаліся яшчэ больш. Пакуль камісія не дала дакладнага адказу: ці будзе яна ўвогуле друкаваць улётку кандыдата ў дэпутаты Таццяны Севярынец, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Тым часам кандыдат у дэпутаты, сябар партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле і радыёвыступу. На ягоную думку, значна больш эфэктыўны сродак агітацыі – непасрэдныя кантакты з выбарцамі. Адна з прычын адмовы таксама ў тым, што Я.Берніковіч вырашыў ахвяраваць свой эфірны час на карысць свайго канкурэнта – губернатара Уладзіміра Андрэйчанкі.
«Падчас збору подпісаў людзі пыталіся, дзе можна было б убачыць Андрэйчанку. А то ведаць ведаюць, што ёсць такі, а ніколі не бачылі, хаця той ужо шмат год працуе старшынём аблвыканкаму. Публікацыі ў «Віцебскім рабочым», «Народным слове» і «Весьніку Глыбоччыны» не дадалі яму пазнавальнасьці. Таму я вырашыў прэзэнтаваць свой эфірны час спадару губэрнатару. За той час, які я патраціў бы на паездку ў Віцебск, каб запісацца на радыё і тэлебачаньні, я лепш абыду 20-30 кватэр, бо непасрэдны кантакт з выбарцамі — гэта значна лепш за любы радыё і тэлеэфір», – заявіў кандыдат у дэпутаты ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.