Гурту “Ляпис Трубецкой” не далі магчымасць паказаць на канцэрце ў Віцебску новую відэаінсталяцыю, якую напярэдадні рэкламаваў Сяргей Міхалок. Нагадаем, у нядзелю ў віцебскім Летнім амфітэатры адбылася неафіцыйная прэзентацыя новага альбома “Ляпісаў” — “Маніфест”.
Як распавёў «Еўрарадыё» прадзюсер “ляпісаў” Яўген Калмыкоў, вялікія экраны са сцэны Летняга амфітэатра звезлі ў Оршу… на “Дажынкі”. “Ніякай відэаінсталяцыі не было, таму што за дзень да мерапрыемства патэлефанавалі арганізатары і канстатавалі факт, што нашы экраны забралі на “Дажынкі”. Міхалок з гэтай нагоды шмат жартаваў са сцэны”.
Пасля гэтага гурт павязе новую праграму ў тур па Расіі, які завершыцца 24 кастрычніка прэзентацыяй альбома ў Маскве. Мяркуецца, што "Маніфест" паступіць у продаж у сярэдзіне лістапада.