Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва перамог у міжнародным конкурсе

Віцебск 17 верасня з афіцыйным візітам наведалі прадстаўнікі Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Візіт быў прысвечаны ўручэнню сертыфікату музею «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» за перамогу ў міжнародным конкурсе на саісканне грандаў ў рамках праграмы пасольства ЗША ў Беларусі па захаванню культурнай спадчыны.

Сертыфікат ад Пасольства ЗША і грант на рэстаўрацыю будучага музея сучаснага мастацтва ў Віцебску ўручыў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур. Музей будзе размешчаны ў будынку па вуліцы «Праўды», 5а, дзе Маркам Шагалам было створана і працавала Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

«Віцебску пашанцавала, што будынак, дзе жылі і працавалі вялікія мастакі, захаваўся, – лічыць спадар Мур, – і пры падтрымцы мясцовых улад гэты амбіцыйны рэстаўрацыйны праект пачаў ажыццяўляцца. І хаця мы не валодаем вялікай колькасцю сродкаў, мы ўсё ж такі знайшлі магчымасць дапамагчы Віцебску ў гэтай справе. Выказваючы павагу да віцебскай мастацкай школы, пасольства ЗША ў Беларусі прапанавала гранд у памеры $30 тысяч. ЗША – краіна, жыхары якой маюць карані па ўсяму свету. І мы цэнім гэтыя карані, цэнім сваю сувязь з Беларуссю, таму кожны год разглядаем тут магчымыя праекты, звязаныя з захаваннем і рэканструкцыяй яе культурнай спадчыны».

Джонатан Мур атрымаў у дарунак ад музея фотаздымак першага складу Віцебскага педагагічнага мастацкага вучылішча – гэта М. Шагал, Ю. Пэн, Л. Лісіцкі, В. Ермалаева, Д. Якерсон і іншыя мастакі, імёны якіх атрымалі сусветную вядомасць.

«Перамога ў міжнародным конкурсе – гэта для нас не толькі прызнанне, але і даніна павагі да віцебскай мастацкай школы, – сказала дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Валянціна Кірылава. – Зараз мы ставім сябе мэту, каб праект па рэстаўрацыі гістарычнага будынка вучылішча атрымаў сваё рэальнае ўвасабленне».

Адразу пасля перадачы будынка з рэспубліканскай у гарадскую камунальную ўласнасць будуць пачаты работы па яго рэканструкцыі. Акрамя музея сучаснага мастацтва прадугледжваецца таксама будаўніцтва асобнага сучаснага будынка, дзе будуць размешчаны розныя па функцыянальнаму прызначэнню аб'ъекты – майстэрні мастакоў, мастацкія салоны. Фінансаванне праекта будзе ажыццяўляцца за лік бюджэтных сродкаў з прыцягненнем прыватных інвестыцый. Падтрымка міжнародных арганізацый дазволіць хутчэй рэалізаваць рэстаўрацыйны праект, разлічаны прыблізна на два гады.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ