У Віцебску адкрылі мемарыяльную дошку Васілю Быкаву
У Віцебску 25 верасня ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Яна ўпрыгожыла будынак дзіцячай мастацкай школы №1 па вуліцы Суворава, 3. У гэтым доме раней, перад Вялікай Айчыннай вайной, знаходзілася мастацкае вучылішча, дзе ў 1939-1940 гадах на скульптурным аддзяленні вучыўся будучы вядомы літаратар і наш зямляк, ураджэнец вёскі Бычкі Ушацкага раёна.
Мемарыяльная дошка выраблена з “метала славы” – бронзы. І ўяўляе сабой стылізаваную рамку, унутры якой знаходзяцца барэльеф класіка, полымя, што сімвалізуе вайну, якая апаліла жыццё і творчасць В.Быкава, і бусел як сімвал Беларусі. Дошку суправаджае надпіс: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вычыўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў”. Аўтарамі кампазіцыі з’яўляюцца віцебскія скульптары, сябры «Беларускага саюза мастакоў» Валеры Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў.
Падзея выклікала цікавасць сярод гараджан, у асноўным, творчай інтэлігенцыі Віцебска. Аднак на ўрачыстай цырымоніі не знайшлося нікога з гарадской ці абласной адміністарцыі, хто б выступіў з прамовай. Нагадаем, што адкрыццё дошкі ўваходзіла ў план мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці В.Быкава, зацверджаны Віцебскім аблвыканкамам яшчэ ў сакавіку 2004 года. Колькі цёплых слоў пра нашага земляка сказалі віцебскія літаратары Сяргей Рублеўскі, Вольга Русілка, выкладчык ВДУ Анатоль Кавалёў і аўтары дошкі. В.Магучы адзначыў, што «шлях дошкі быў амаль такім жа доўгім і цяжкім, як шлях перамогі ў вайне”. Пад гэтымі словамі скульптар, напэўна, меў на ўвазе пяць доўгіх гадоў, на працягу якіх улады шукалі грошы на ўсталяванне дошкі...
Яшчэ ўлетку планавалася, што адкрыццё дошкі адбудзецца на Дзень горада Віцебска. Аднак час унёс свае карэктывы: пра свята горада чамусьці забыліся, і падзею прывязалі да рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы – беларусы!”, якая праходзіла сёння ў Віцебску.
Між іншым, гэта ўжо пятая па ліку мемарыяльная дошка, якая ўпрыгожвае будынак дзіцячай мастацкай школы №1. Раней тут ушанавалі памяць скульптараў Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Сяргея Селіханава і архітэктара Уладзіміра Караля, якія таксама ў свой час вучыліся ў віцебскім мастацкім вучылішчы.