У Полацку адчынілася выстава «Захаваная спадчына»
Напярэдадні Дня пажылых людзей ў ЦРНК Полацка адчынілася незвычайная выстава пад назвай «Захаваная спадчына», якая складзена з твораў мастацтва – падарункаў людзей сталага ўзросту. На ёй прадстаўлены і творы Валянціны Афанасьеўны Паўлёнак.
Валянціна Афанасьеўна Паўлёнак – выдатная прадстаўніца народнага мастацтва Полаччыны. Як майстар, не ўяўляе свайго жыцця без працы і творчасці. Гэта адчуваецца, як толькі пераступаеш парог яе хаты. Наогул, увесь дом – гэта выстава майстэрства гаспадыні, на якой яна з'яўляецца цікавым і дасведчаным экскурсаводам. Каляровыя дываны, тканыя ходнікі, вышытыя карціны, незвычайна прыгожыя падушкі і посцілкі. А адзін з пакояў адведзены пад майстэрню. У ёй размясціліся пралка, калаўрот і разнастайныя прылады для творчасці.
Народнае мастацтва — яскравая і самабытная старонка ў гісторыі нашай культуры. Яно адлюстроўвае погляды і ўяўленні народа, яго гісторыю, нацыянальны характар, адвечнае імкненне да прыгажосці.
Ткацтвам і вышыўкай Валянціна Афанасьеўна займаецца з дзяцінства. Цяжка пералічыць, колькі вырабаў зроблена яе рукамі. Работы здзіўляюць багаццем фантазіі, майстэрствам увасаблення эстэтычнага густу. Яна перадае свой асабісты погляд на прыгажосць роднай зямлі, лёгкім штрыхом ніткі выклікае ў думках сонечны вобраз квітнеючай прыроды. Майстравітай жанчыне ўжо 83 гады, і яна вельмі шкадуе аб тым, што не мае паслядоўніка, якому можна было б перадаць сваё майстэрства.
Завітаўшы на выставу, вы ўбачыце рушнікі і абрусы, вышытыя карціны і старадаўнія малюнкі на тканіне, вязаныя і плеценыя карункі... Усё гэта дорыць адчуванне радасці і ўтульнасці, свята і хатняй цеплыні. Сапраўдная прыгажосць не баіцца выпрабавання часам.