На прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно» актывісты правялі тайнае дубль-галасаванне, каб праверыць афіцыйныя вынікі выбараў. Вынік такі: выбары адбыліся, але ніводны кандыдат не набраў неабходнай колькасці галасасоў.Апытанне правялі ў часе адной са зменаў «Полацк-Шкловалакна» актывістамі «Свабоднага прафсаюзу». Умова адна: прагаласаваць, як на выбарах. Узялі ўдзел 57% ад жыхароў участку, якія мелі права голасу. Вынік: галасавалі за сп. Южыка, намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму – 29%, за сп. Маркава ад «Грамады» – 14%, супраць усіх – 14%.
Між тым, паводле афіцыйных дадзеных, сп. Южык перамог, атрымаўшы амаль 61 працэнт, у Маркава, – каля 24 %, разам у выбарах удзельнічала каля 70% выбарцаў.
На думку актывіста Свабоднага прафсаюзу Міколы Шараха, гэткія «паўторныя» галасаваньні – альтэрнатыва разгубленасьці прайграўшых прадстаўнікоў апазыцыі: «Калі там былі нейкія няпэўныя развагі, – маўляў, нам патрэбныя перавыбары, то ўзнікала пытанне: на падставе чаго? Цэльнай зразумелай палітыкі, нейкай зразумелай стратэгіі правядзення выбараў я не бачыў амаль ні ў воднай з палітычных сілаў».
Арганізаваць падобныя дубаль-галасаванні, на погляд Міколы Шараха, не выклікае складанасцяў: «Тэхналагічна тут усё досыць проста. Народ з вялікім задавальненнем на гэта адклікаецца. Адзінае – могуць быць перашкоды адміністрацыйнага кшталту, але калі рабіць гэта з розумам, то пазбегнуць іх можна».
Каардынатар кампаніі АДС «За свабодныя выбары» Віктар Карніенка, адрозна ад Міколы Шараха, не бачыць гэткую дзейнасьць мэтазгоднай: «Ну і што з гэтых фактаў зрабіць? Якія палітычныя вынікі? Ну, ведаем. Дык мы і так ведалі, што фальсыфікавалі. Якім чынам дабіцца вынікаў? Цяпер мы не можам нічога зрабіць толькі з той прычыны, што мы слабей, чым хацелася б. Калі ў нас будзе значна большы ўплыў на грамадзтва, тады ўсё будзе інакш».
А вось меркаванне Валянціна Стэфановіча: «Ёсць некаторыя сацыялагічныя прынцыпы, там усё ж такі павінен быць шэраг патрабаванняў – выбарка і гэтак далей.Таму з навуковага пункту гледжання гэта будзе не асабліва дакладная рэч, але вось як сродак інфармавання людзей што да фальсыфікацыі, – гэта важна і пэрспэктыўна, мне здаецца. У нас, паводле сацыялагічных апытанняў, больш за 50% апытаных лічаць, што выбары ў краіне адбываюцца сумленна».
“Радыё Свабода”.