Віцебскія журналісты за свабоду слова

Віцебская філія БАЖ /беларуская асацыяцыя журналістаў/ далучылася да сусветнай кампаніі “Станем за журналістыку!” у абарону свабоды слова.

5 лістапада акцыі ў межах кампаніі прайшлі ў розных населеных пунктах Беларусі. Так, у сталіцы маладыя журналісты зладзілі флэш-моб, шпацыраваўшы па вуліцах у ружовых акулярах, а ў Глыбокім выдавец незалежнай газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімер Скрабатун прыцягнуў да абароны свабоды слова чытачоў, прапанаваўшы ім напісаць лісты да кіраўніцтва “Белпошты” з прапановай аднавіць падпіску на недзяржаўную газету.
Віцебскі распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда сёння на сваім звыклым месцы ля так званага “сіняга дома” не толькі прадаваў газеты і часопісы, але і раздаваў мінакам ўлёткі, ў якіх распавядалася, што ёсць сапраўднай свабодай слова і як Беларусь выглядае па гэтым паказчыку на фоне іншых краін свету. Таксама з раніцы ў горадзе на слупах, агароджах і проста на сценах дамоў з’явіліся выразаныя з газет чалавечыя постаці з заклеенымі чырвонымі стужкамі ратамі. На думку маладых незалежных журналістаў Віцебшчыны, яны сімвалізуюць тое становішча, ў якім насамрэч знаходзіцца беларуская прэса.
Крыніцы: ЕРБ, Свабода, Рацыя.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ