Народные новости Витебска

У работнікаў “Віцязя” бяруць адбіткі пальцаў

Шукаючы арганізатараў менскіх выбухаў 4 ліпеня, міліцыянты заклікаюць добраахвотна здаць адбіткі пальцаў работнікаў віцебскага тэлезаводу. Супрацоўнікі міліцыі тлумачаць, што ў горадзе ствараецца адмысловая кампутарная база адбіткаў пальцаў мужчынскага насельніцтва ва ўзросьце ад 18 да 50 гадоў – менавіта такога ўзросту падазраваныя ў дачыненьні да менскіх выбухаў. А “Віцязь” – гэта адно з найбольшых у горадзе прадпрыемстваў, дзе пераважная колькасьць працаўнікоў – мужчыны. Прынцып “добраахвотнасьці” заклікана забясьпечыць адміністрацыя тэлевізійнага заводу: начальнік аддзелу кадраў даручыў начальнікам цэхаў ды іншым кіраўнікам даводзіць да ведама работнікаў, што кожнаму будзе зручней самому прайсьці дактыляскапію на прадпрыемстве, чым потым прыходзіць на позву ў ваенкамат або міліцыю.

Тым, хто на такі прымус усё адно адказвае адмоваю, паведамляюць, што цяпер яны трапляюць у катэгорыю “нядобранадзейных”, і сьпісы такіх асобаў усё адно будуць перададзеныя ў міліцыю. Супрацоўнікам заводу патлумачылі, што кампутарная база дактыляскапічных зьвестак ствараецца “ў мэтах дзяржаўнай бясьпекі”.

“Радыё Свабода”